У нядзелю 21 мая адзінаццацікласнікі здаюць другі цэнтралізаваны экзамен.

Для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэта будзе апошні выпускны экзамен. Прадмет, які яны будуць здаваць, абралі самі. Як паведамілі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, 23 чалавекі рашылі, што гэта будзе біялогія. 18 вучняў спынілі свой выбар на матэматыцы, па 7 чалавек абралі гісторыю Беларусі і англійскую мову, па 6 — грамадазнаўства і фізіку, два вучні здаюць хімію і адзін — геаграфію.
Экзамен зноў праводзіцца на базе Шумілінскай СШ № 1. Для вучняў з іншых сярэдніх школ раёна арганізаваны падвоз, а таксама гарачае харчаванне. Сертыфікат ЦЭ прыраўноўваецца да сертыфікату цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў ВНУ.
25 мая для вучняў 9-х і 11-х класаў празвініць “апошні званок”, астатнія вучні будуць вучыцца да 31 мая. Дзевяцікласнікам трэба здаць чатыры экзамены: па рускай і беларускай мовах (пераказы), матэматыку (пісьмова) і гісторыю Беларусі (вусна).
Выпускныя вечары рэкамендавана правесці 10 чэрвеня.
Цэнтралізаванае тэсціраванне
Да 1 чэрвеня працягваецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне, якое пройдзе з 14 чэрвеня па 4 ліпеня (рэзервовыя дні 11, 13 і 15 ліпеня).
Паступленне ў ВНУ
Для абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, падача дакументаў пачынаецца ўжо з 1 чэрвеня, з 6 чэрвеня пройдуць уступныя іспыты, да 16 чэрвеня пройдзе залічэнне.
Для астатніх абітурыентаў прыём дакументаў пачнецца з 17 ліпеня, з 26 ліпеня пачнуцца ўступныя іспыты, да 11 жніўня пройдзе залічэнне.
Падрабязна пра тэрміны і ўмовы паступлення можна даведацца на сайце Міністэрства адукацыі ці сайтах адпаведных вышэйшых навучальных устаноў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.