ФЕРМЕРЫ ДЕЛАЮТ СТАВКУ НА КАРТОШКУ

Сельское хозяйство Экономика

А фермеры робяць стаўку на бульбу
У СФГ “Раднік” работа кіпіць не толькі на палетках, але і ў двух бульбасховішчах –  у Галях і Макаўі. Тут за дзень перабіраюць прыкладна па пятнаццаць тон бульбы. Акрамя сваіх рабочых, працуюць людзі з Улы, Кардона, Мікалаёва, Шуміліна. Кожны дзень перабіраць бульбу прыязджаюць да паўсотні чалавек, а то і больш.
“Сёлета будзем сеяць 200 гектараў бульбы, – расказвае галоўны аграном СВГ “Раднік” Л. М. Прыгун. – Нам спатрэбіцца каля 600 тон насеннай бульбы.  Усяго ў арачніках перазімавала 950 тон. Клубні захаваліся нядрэнна. Пасадзім і гадавальнікі. Напрыклад, у гэтым годзе ўпершыню ў Віцебскім занальным інстытуце закупілі новы гатунак позняй бульбы “маг”, будзем атрымліваць суперсуперэліту. Аднаўляем і іншыя гатункі. Напрыклад, вялікай папулярнасцю сярод пакупнікоў карыстаецца “скарб” – і смакавыя якасці добрыя, і таварны выгляд цудоўны”.
Як расказаў кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі Ю. В. Сямёнаў, гаспадарка прадае насенную і харчовую бульбу па даступных цэнах. Прычым, выбар элітных гатункаў даволі разнастайны: “дэльфін”, “крыніца”, “скарб”, “здабытак”,”чарадзей”, “рыкея”, “журавінка”, “няптун”.  “Клубні бульбы –  гэта відазменены корань, а ён, як і любы жывы арганізм, старэе, – гаворыць Юрый Віктаравіч. –  Вядома, усё залежыць ад участка, ад умоў вырошчвання, але ў большасці выпадкаў аднаўляць гатункі бульбы рэкамендуецца кожныя два-тры гады”.
На 18 красавіка ў “Радніку” заставалася перабіраць каля ста тон бульбы. Садзіць раннія гатункі бульбы збіраюцца праз тыдзень. Улічваючы, што ў гаспадарцы ёсць дзве саджалкі, кожнай з якіх можна пасадзіць за дзень па восем- дзесяць гектараў,  думаюць да дня Перамогі справіцца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №32



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *