Победителями районного профсоюзного соревнования за февраль стали животноводы ОАО «Лежни»

Сельское хозяйство

Працоўная перамога ляжнёўцаў

Райкам прафсаюза работнікаў АПК падвеў вынікі працоўных спаборніцтваў за люты сярод аператараў па доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы і аператараў машыннага даення. У пераможцы выйшлі работнікі ААТ «Ляжні» — Ірына Жогаль і Таццяна Голубева. Абедзвюх жанчын аб’ядноўвае працавітасць, адказнасць і любоў да жывёлы, адзначае кіраўніцтва  сельгаспрадпрыемства.

Ірына Жогаль працуе на ферме Ляжні‑4 аператарам па доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы ужо 23 гады. У яе групе зараз больш за 130 цялят на дарошчванні, забяспечаны сярэднясутачныя прывагі цялят 542 грамы.

Працоўны стаж Таццяны Голубевай, аператара машыннага даення фермы Ляжні‑2, таксама больш за дваццаць гадоў. У свой час жанчына працавала аператарам па штучным асемяненні жывёлы, перамагала ў раённых спаборніцтвах. Але зразумела, што догляд і даенне жывёлы ёй бліжэй. «Узяла сабе групу раздою, даглядаю 73 каровы, — расказала Таццяна. — Мяркую, што на гэтай групе буду працаваць і надалей. Таму ў маіх інтарэсах раздаіць кароў якасна. У любіміцах — Уражына, якая зараз дае больш за дваццаць літраў малака. А ўвогуле за люты надой на кожную жывёлу склаў 323 кг. Зараз кормім кароў сенажом, даём сена і камбікорм. Даглядаю і так званы “дзіцячы сад” — 21 цяля з нараджэння і пакуль не дасягнуць вагі ў 50 кілаграмаў».

Пераможцаў прафсаюзных спаборніцтваў павіншавала старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вольга Пусянкова, уручыла дыпломы і падарункі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *