Шумилинщина литературная

Край шумілінскі Культура

Виктор Улютенко и ведущая встречи Людмила Григорьева

Пад цёплым крылом дзяцінства
У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла творчая сустрэча з цікавым і самабытным чалавекам. Краязнаўца і паэт, апавядальнік і проста няўпынна творчая натура, Віктар Васільевіч Улюценка — вядомы ў раёне чалавек.  Па дыпломе — урач, па складу душы — літаратар і філосаф. Напэўна, гэты цікавы, я б сказаў, чэхаўскі сімбіёз і падштурхнуў кіраўніцтва бібліятэкі наладзіць з В. В. Улюценкам творчую сустрэчу. Скажам больш, сустрэчу чакалі, яе на “ўра” прынялі землякі-шумілінцы, тыя, хто ведае Віктара Васільевіча з малых гадоў і хто чытаў яго шчырыя і кранальныя творы…
Цёплымі вершаванымі радкамі паэта-земляка  сустрэчу адкрыла загадчыца ад-дзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Л. М. Грыгор’ева (на здымку). Тэма гаворкі — “Быць зямлі сваёй сынам”. Гэта тэма вечная, бо гэта тэма любві і вернасці сваёй хаце,  сваім сябрам, з кім рос і станавіўся, як бусел, на крыло, тэма любві да сваёй маленькай радзімы.
Віктар Улюценка падзяліўся ўспамінамі  юнацкіх гадоў, таго часу, калі адчуў у сэрцы божую іскру, калі не пісаць вершы ён ужо не мог. Была раённая газета ў Браславе, куды закінуў яго лёс фельчара, была родная шумілінская “Герой працы”,  — газеты, якія заўважылі талент і праз якія гартаваў паэт свой паэтычны радок. “Я сын свайго часу”, — заўважае ён і згадвае тых, хто дапамог яму расці творча, згадвае той час і з сумам зазначае, што тады, у канцы 60-х, людзі ахвотней ішлі на вечар паэзіі, чым на поп-канцэрты.
Вядучая заўважыла: у Віктара Улюценкі прырода — жывая істота. Адкуль вобразы? А яны выношваюцца гадамі, іх падказвае сэрца, прызнаецца Віктар Васільевіч. На тое яна і паэзія, каб праз вобразы  найлепш данесці думку і любоў паэта…
Адметная старонка творчасці В. В. Улюценкі — сказы і невялікія апавяданні. Сюжэтныя, пераважна па ўспамінах дзяцінства. І тут у аўтара прысутнічае і вобразнасць, і метафарычнасць. Цёплая, усхваляваная гаворка пайшла пра мінулае мястэчка Шуміліна, пра яго цікавых і самабытных людзей, пра сумнае і радаснае, пра горкае і трапяткое…
Гучалі творы аўтара ў выкананні Таісы Фамянок і Людмілы Грыгор’евай, прачулае слова пра творчасць вядомага земляка сказала Любоў Дземянёва. “У мяне дзіцячае неяк знікла ўжо за смугою гадоў, — прызнаецца Любоў Міхайлаўна, — а пачытала творы Віктара Васільевіча, і ўсё адразу ажыло ў сэрцы. Быццам вярнулася ў сваё дзяцінства”.
На вечарыне гучалі песні на словы В. В. Улюценкі, гаварылася пра яшчэ адзін аспект яго творчасці — пра яго цягу да напісання музыкі. І ўсё ў творцы Улюценкі — у імя  вялікай любві да сваёй радзімы, да роднага куточка сваёй зямлі. Ён утульна адчувае сябе пад крылом свайго дзяцінства.
Мікалай МАРОЗ.

ДЗВЕ ЗАРЫ
У паэтычную скарбонку нашага земляка, ганаровага члена саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Алега Салтука мінулы год дадаў яшчэ адну кнігу – “Дзве зары”.
Дзве зары – ранішняя і вячэрняя. Адна заходзіць, другая нараджаецца. Так і ў чалавечым жыцці – згасаючы дзень дае сілу новаму, улівае ў крыніцу святла і дабрыні свежыя струмені. Звонкая яркая радасць усходняй зары і вусцішная глыбокая прыгажосць заходняй. Гэта і ёсць жыццё. Вось як аб гэтым піша сам паэт:
Чаргой праходзяць ранкі, вечары
З іх явамі, жаданнямі і марамі.
А дзве зары, нібыта дзве сястры,
Ружовыя, сядзяць за самаварамі.
Прыгожая заходняя зара,
Усходняя, напэўна, прыгажэйшая.
Не разбяру, хаця даўно пара,
Якая з іх мне самая мілейшая.
З адной прыпамінаю маладосць,
З другой чакаю дні свае сустрэчныя.
Вядома мне, што я ў іх толькі госць,
Што гасцяванне гэтае не вечнае…
Кніга паэта наогул прасякнутая філасофскім роздумам аб сэнсе жыцця, аб жыццёвых каштоўнасцях, напоўнена маленькімі і вялікімі адкрыццямі чалавечай душы:
Калі сваім бяссоннем катаваны,
Убачыш над аглушаным сялом,
Як маладая цешыцца маланка
З таго, што вытварае стары гром,
Табе наўсцяж адкрыюцца прасторы,
Спасцігнеш раптам ты велічыню
Малюсенькіх, амаль нябачных зорак
І сілу першароднага агню.
Вершы Салтука мяккія, лірычныя, напоўненыя памяццю. У іх адчуваецца споведзь старэйшага пакалення, споведзь памылак, віны. Паэт востра адчувае сваю адказнасць перад сённяшнім днём, у яго творах – трывогі, надзеі, спадзяванні. А як востра ён адчувае боль – чалавека, птушкі, старой сасны:
Сасна памерла ў сцішаную поўнач.
Амаль нячутна здрыгануўся ствол.
Глядзела з неба здзіўленая поўня,
Як глуха шышкі падалі на дол.
З тае пары гадоў прайшло нямала,
Шмат новых соснаў выпеставаў бор,
А тая сухастоіна стаяла
Сярод сваіх, жывых яшчэ сясцёр.
Ніхто і не даведаўся б ніколі,
Чаму жыццё спынілася ў ствале,
Калі б не перасмолены асколак,
Што стаў у горле бацькавай піле.
Наогул, паэзія Алега Салтука напоўнена яркімі вобразамі, шчырай любоўю да роднай зямлі, простай і зразумелай кожнаму:
Кажуць, на поўдні рай,
Дзе сонца і мора без краю.
— Вырай, — крычу, — пачакай!
Поўдню далёка да раю.
Рай – ён вось тут,
Хоць ідуць халады
І да берага туляцца лодкі,
І заўсёды – цяпер і тады –
Толькі дома салодка.
Надрукавана ў №27 ад 03.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *