Не станьце ахвярай падману!
Будзьце ўважлівыя – махляры працягваюць атакаваць жыхароў раёна, папярэджваюць супрацоўнікі РАУС.
У мінулым годзе на Шуміліншчыне зарэгістравана 15 выпадкаў махлярства па тэлефоне, у сацыяльных сетках і на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках, расказаў начальнік штаба райаддзела ўнутраных спраў Віктар Попелаў.
Аналізуючы злачынствы, супрацоўнікі РАУС выдзелілі найбольш распаўсюджаныя схемы.
- Махляр прадстаўляецца работнікам банка (супрацоўнікам міліцыі) і паведамляе, што на ваша прозвішча незнаёмец быццам бы бярэ крэдыт. Каб яго пагасіць, трэба аформіць яшчэ адзін.
Як паступіць? Трэба звярнуцца непасрэдна да работніка банка, расказаць сітуацыю і пераканацца ў непраўдзівасці слоў таго, хто тэлефанаваў.
- Прадстаўляючыся супрацоўнікам праваахоўных органаў або сваяком, які трапіў у бяду, махляры патрабуюць перадаць суму грошай, якая быццам бы вызваліць ад адказнасці за дарожна-транспартнае ці іншае здарэнне.
Засцерагчы сябе няцяжка: трэба пакласці трубку і набраць нумар сваяка, які быццам бы трапіў у бяду.
- Дастаткова распаўсюджана махлярства ў сацыяльных сетках. Злачынцы ствараюць несапраўдныя інтэрнэт-старонкі магазінаў па продажы тавараў, дзе размяшчаюць фотаздымкі з рэальных анлайн-каталогаў.
Як не стаць ахвярай падману? Варта вывучыць водгукі пра інтэрнэт-магазін і прадаўца да пераводу грошай.
- Часта на тэматычных інтэрнэт-пляцоўках размяшчаюцца аб’явы аб продажы аўтамабіляў, сельскагаспадарчай і мотатэхнікі. Цана выстаўляецца ніжэй за рыначную, таму аб’явы прыцягваюць увагу людзей. Калі з’яўляюцца патэнцыйныя пакупнікі, гутарка з імі пераводзіцца ў месенджары (Viber, WhatsApp інш.), дзе зацікаўленых у пакупцы таннай тэхнікі па розных прычынах прымушаюць пералічыць папярэднюю аплату на банкаўскія карты.
Як не быць падманутым? Супрацоўнікі РАУС раяць праверыць фота, рэквізіты, прозвішчы і іншыя факты пра прадаўцоў у некалькіх крыніцах, а аплату зрабіць пасля атрымання тавару.
Ларыса ЗАЙЦАВА.