В Шумилинском районе на животноводческом комплексе сельхозпредприятия «Ловжанское» завершен очередной этап реконструкции

Сельское хозяйство

Укамплектаваны трэці перыяд

На жывёлагадоўчым комплексе сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» закончана камплектацыя трэцяга перыяду.

 «На жывёлагадоўчым комплексе налічваецца амаль пяць тысяч быкоў і цёлак, – расказвае загадчык комплекса Алег Дувідзон. – На першым перыядзе – маладняк ад двух да шасці месяцаў. Другі і трэці перыяды – гэта жывёла на адкорме. Рэканструкцыя трэцяга перыяду пачалася яшчэ ў мінулым годзе, а сёлета, з красавіка па кастрычнік, запусцілі ў работу тры адрамантаваныя памяшканні. Дадаткова стварылі рабочыя месцы – працаўладкавалі шэсць жывёлаводаў. Цяпер у нас на трэцім перыядзе пяць адрамантаваных памяшканняў: адно на 480 галоў жывёлы, у астатніх памяшканнях – па трыста галоў. Усяго на рэканструкцыю трэцяга перыяду  пайшло каля двух мільёнаў рублёў, гэта грошы абласнога бюджэту і Віцебскага мясакамбіната, у інтэграцыйную структуру якога ўваходзіць сельгаспрадпрыемства.

У двух памяшканнях утрымліваецца каля 700 цёлак. Яны набіраюць патрэбную вагу, пасля асемянення іх расфарміроўваюць па розных фермах прадпрыемства. Такім чынам круглы год ідзе аднаўленне статкаў».

Рэканструкцыю апошняга, пятага, памяшкання трэцяга перыяду закончылі ў кастрычніку. І месяц таму тут завяршылі камплектацыю – паставілі цёлак, якія знаходзіліся на пашавым утрыманні.

Алег Дувідзон расказаў, што падчас рэканструкцыі сістэму сплаўной каналізацыі, якая аджыла сваё, убралі, зрабілі вентыляцыйныя шахты. Цяпер жывёла знаходзіцца на бяспрывязным утрыманні на глыбокай падсцілцы, якая выдаляецца трактарам па графіку. У пятым памяшканні светла – адна сцяна часткова зроблена з полікарбанату. Як гэта апраўдае сябе ў вялікія маразы – яшчэ невядома, але на ўсялякі выпадак збіраюцца звонку абкласці сцяну цюкамі саломы.

«Наша задача – пераганяць жывёлу з аднаго месца на другое, калі чысцяцца памяшканні, падсунуць кармы, сачыць за парадкам, – кажа аператар Алена Семчанка, якую засталі за работай. – Кармы  для жывёлы прывозяць з чатырох новых сянажных траншэй, якія пабудавалі сёлета каля комплексу».

На гэтым рэканструкцыя не закончана. Наконт жывёлагадоўчага комплексу ў «Лаўжанскім» у кіраўніцтва Віцебскага мясакамбіната вялікія планы. На наступны год, па словах дырэктара гаспадаркі Аляксандра Глінскага, мяркуюць мадэрнізаваць памяшканні другога перыяду, дзе жывёла таксама будзе ўтрымлівацца на глыбокай падсцілцы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *