Першыя пробы будучых настаўнікаў
Быць настаўнікам – мэта, якую паставілі сабе вучні 10-х–11-х педагагічных класаў. Курс заняткаў «Увядзенне ў педагагічную прафесію» складзены так, што будучыя настаўнікі, вывучыўшы тэарэтычны матэрыял, маюць магчымасць прыняць удзел у педагагічных пробах – выпрабаваннях, якія мадэлююць сітуацыі педагагічнай дзейнасці.
Так, у рамках мерапрыемстваў па пераемнасці ў школе праходзіў тыдзень адчыненых дзвярэй для выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў «Знаёмцеся – школа!». Вучні 10 «А» класа СШ №1 сустракалі будучых першакласнікаў. Як сапраўдныя настаўнікі, распавядалі малым пра першыя ўрокі, школьны сайт, мудрага дырэктара, загадвалі загадкі, правялі з дашкалятамі першую займальную фізкультхвілінку і экскурсію па школе. Наведаўшы сталовую, спартыўную залу, патрымаўшы баскетбольныя мячы, сустрэўшыся з вучнямі першых класаў, будучыя настаўнікі і вучні адправіліся ў школьны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Там загадчык бібліятэкі Вольга Сарокіна паказала дзецям «дом, у якім начуюць падручнікі», пазнаёміла з правіламі карыстання бібліятэкай, а таксама паказала самую прыгожую школьную кнігу, тую, што з «залатымі» старонкамі. Прыняўшы ўдзел у віктарыне па казках, дашкаляты абяцалі абавязкова вярнуцца ў бібліятэку.
Дзесяцікласнікі правялі толькі першыя свае «ўрокі» ў школе, але ўжо разам з выхаванцамі дзіцячых садкоў плануюць прыняць удзел у майстар-класе на базе дашкольнай установы. На памяць пра сустрэчу старшакласнікі падарылі дзецям значок з эмблемай школы, з надзеяй на тое, што першага верасня будучага года кожны дашкольнік абавязкова атрымае свой атрыбут вучня, апране школьную форму і пазнаёміцца са сваім першым настаўнікам.
Ірына САЎЧАНКА,намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1.