«Паліком» пашырае вытворчасць
Прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Паліком» пашырае вытворчыя плошчы ў Шумілінскім раёне.
У красавіку гэтага года ў вёсцы Прыазёрная пачаў працаваць швейны ўчастак прадпрыемства. «Паліком» на рамонт будынка былой школы патраціў 30 тысяч рублёў, на новае абсталяванне – 35 тысяч. Спачатку швачкі працавалі ў адным памяшканні, летам адрамантавалі другое: памянялі вокны, давялі да ладу дах, столь, сцены, усталявалі кандыцыянеры.
«На ўчастку працуе 15 чалавек, – расказала майстар Ірына Іваненка. – Шыем манжэты для гумавых ботаў. З Расійскай Федэрацыі паступіў вельмі вялікі заказ на іх. За змену кожная са швачак павінна пашыць 346 манжэт. З планам спраўляюцца ўсе, нават перавыконваюць. Для швачак прадугледжаны прэміі, даплаты за работу ў выхадныя. Заробак атрымліваецца каля тысячы рублёў за месяц».
– Зараз у Прыазёрнай рыхтуюць да адкрыцця трэцяе памяшканне. Рамонтныя работы ў самым разгары. Іх мяркуюць закончыць да вясны, тады вытворчасць пашырыцца. А ў будучым мяркуюць устанавіць абсталяванне для 3D-друку дэталяў для сваіх вырабаў (рукзакі, сумкі), якія вырабляюць на галаўным прадпрыемстве ў Віцебску, – расказаў дырэктар «Палікома» Сяргей Барысаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.