Служба 102: тыдзень у лічбах і фактах
За мінулы тыдзень у аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступілі 102 заявы і паведамленні.
Раённым аддзелам Следчага камітэта па матэрыялах праверак РАУС узбуджана 5 крымінальных спраў, 4 з іх – па лініі крымінальнага вышуку (2 раскрыта), адно – па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (раскрыта).
Выяўлена 15 адміністрацыйных правапарушэнняў, адно з якіх – за насілле ў сям’і, 10 – за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, 3 – за дробнае хуліганства, адно – за дробны крадзеж.
Праведзена адпрацоўка 19 жыхароў раёна, якія маюць судзімасць, а таксама 2 групавыя выхаваўчыя мерапрыемствы, на якіх прысутнічалі 15 раней судзімых асоб.
Выяўлены 83 парушэнні правілаў дарожнага руху і зарэгістравана два ДТЗ.
Перавысілі дапушчальную хуткасць руху 7 вадзіцеляў, 20 пешаходаў парушылі правілы дарожнага руху.
Падрабязней пра здарэнні расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Дакументы
Да жыхаркі райцэнтра, якая раней здзейсніла крадзеж, супрацоўнікі РАУС прыйшлі з вобыскам. Але жанчына на вачах у міліцыянераў парвала пастанову пра вобыск. Максімальнае пакаранне, што пагражае жанчыне за наўмыснае знішчэнне афіцыйных дакументаў, – пазбаўленне волі да двух гадоў.
Каровы
Жыхар Наваполацка, які трымае дачу ў в. Ваўчкі, звярнуўся ў міліцыю з той нагоды, што яго агарод патапталі каровы мясцовага сельгаспрадпрыемства. Па дадзеным факце супрацоўнікі РАУС праводзяць праверку. Яны парэкамендавалі пацярпеламу звяртацца ў суд.
Снарады
Жыхары в. Будобаль знайшлі ля населенага пункта снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны, пра што паведамілі ў міліцыю. Такое ж паведамленне паступіла ад жыхара в. Захарава. У абодвух выпадках з Віцебска былі выкліканы сапёры, якія снарады абясшкодзілі і знішчылі.
Са зводак ДАІ
Заднім ходам
Жыхарка аг. Слабада, якая заднім ходам рухалася на «Рэно» па вуліцы Ленінскай, не ўпэўнілася ў бяспецы і сутыкнулася з «Таётай», што належыць жыхару райцэнтра. Парушальніцы пагражае штраф да 20 БВ або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на 2 гады.
Дыстанцыя
Жыхар Язвіна, які ехаў на аўтамабілі «Мерседэс» па вуліцы Луначарскага, не выбраў бяспечную дыстанцыю і сутыкнуўся з аўтобусам МАЗ, што рухаўся ўперадзе. Вадзіцель з месца ДТЗ уцёк, але быў знойдзены. За ДТЗ яму пагражае штраф да 20 БВ, за пакіданне месца – штраф або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да двух гадоў.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.