
А крэдыт усё-такі быў
Ірыне (імёны зменены па этычных меркаваннях) крыху больш за 40. У 2019 годзе яна ўзяла анлайн-крэдыт на 5000 рублёў у адным з банкаў. Пару месяцаў заплаціла плацяжы, а затым перадумала. СМС-паведамленні, якія пастаянна высылаў банк, выдаляла нават не прачытаўшы. Так доўжылася амаль тры гады.
Нядаўна банк выслаў Ірыне ліст, у якім патрабаваў пагасіць запазычанасць. Сума за гэты час «набегла» больш чым 10 тысяч рублёў. Гэты ліст пабачыў муж Аляксей. «Гэта няпраўда, я не брала ніякіх крэдытаў, – апраўдвалася яна перад Аляксеем. – Гэта махляры…». І для пацвярджэння сваіх слоў пайшла ў міліцыю, дзе напісала заяву, што ў яе патрабуюць грошы за крэдыт, які яна не брала.
Па факце махлярства следчымі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа. Праўда, у хуткім часе следчыя вымушаны былі змяніць артыкулы, па якім вядзецца расследаванне, а пацярпелая стала падазронай. «Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы адразу зрабілі запыты ў банк, – расказвае следчы райаддзела Людміла Данілава. – Дакументы, якія прыйшлі з банка, пацвердзілі наяўнасць крэдыту ў жанчыны. Яе папярэдзілі пра крымінальную адказнасць за лжывую інфармацыю. Але ж яна настойвала на сваім. У выніку была ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 400 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Загаддзя лжывы данос”».
На другім допыце Ірына прызналася, што ўсё-такі брала крэдыт. Прызнанне жонкі стала нечаканасцю для Аляксея, які кажа, што дома не з’явілася новых рэчаў і ў сям’і гэтых грошай ніхто не бачыў. Сама Ірына таксама не ведае, куды патраціла іх.
З паказанняў Ірыны:
– Перастала выплачваць крэдыт, бо не было грошай. Думала, што анлайн-крэдыт – гэта не так сур’ёзна. Напісала заяву ў міліцыю, бо баялася рэакцыі мужа.
Зараз расследаванне крымінальнай справы працягваецца, высвятляюцца падрабязнасці і прычыны здзяйснення злачынства. Ірыне прыйдзецца вярнуць банку ўсю запазычанасць. Санкцыі па ўзбуджанай крымінальнай справе прадугледжваюць пазбаўленне волі да трох год.
Алесь САКАЛОЎ.