
ААТ «АграБаравінка» ў гэтым годзе трэба ўбраць 1620 га зерневых і зернебабовых. Вясной механізатары аралі, культывавалі, баранавалі, сеялі, потым займаліся хімпраполкай. А цяпер на гэтых жа палетках убіраюць вырашчаныя зерневыя, якія ў гэтым годзе радуюць.
Накіроўваемся ва ўрочышча Мазекі, дзе на полі застаём дырэктара гаспадаркі Мікалая Рыбікава. Ён на палеткі наведваецца па некалькі разоў, кантралюе работу. Разам з гэтым на жніве дзяжурыць аграном Павел Голубеў. Ён малады спецыяліст, і гэтае жніво ў ягоным жыцці першае. «Калі я вясной прыйшоў працаваць у гаспадарку, то сяўбу ўжо не застаў, – кажа Павел. – Аднак удзячны сваім калегам, што правялі яе, як і догляд за палеткамі, добра. Зараз убіраем жыта, ураджайнасць на гэтым полі да 28 цэнтнераў з гектара. Сам я мясцовы, амбросавіцкі, таму ведаю, што для нашых земляў гэта нядрэнны ўраджай»
У «АграБаравінцы» на жніўнай перадавой працуюць тры экіпажы камбайнераў: Сяргей Гоманаў і Павел Антошкін, Мікалай Талдыкін і Павел Канстанцінаў, Аляксей Сідараў і Радзівон Стральцоў. Нагрузка на адзін камбайн немалая – больш за пяцьсот гектараў. Тым не менш механізатары настроены па-баявому, гатовы працаваць увесь светлавы дзень.
Размаўляем з Паўлам Антошкіным, які ў гэтым годзе на жніве ўпершыню. Раней працаваў на кацельні жывёлагадоўчага комплексу, а тры гады таму ў цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу атрымаў правы камбайнера. «З Сяргеем Гоманавым лёгка працаваць! – упэўнена кажа механізатар. – Ён добры настаўнік. Магчыма, у будучым і самастойна змагу сесці за штурвал». Механізатары расказалі, што пачалі абмалот жыта яшчэ за два дні да раённых зажынак. І калі С. Гоманава запрасілі на свята, ён адмовіўся – трэба змалаціць зерне, пакуль стаіць на пагодзе. Свята святам, а жніво ніхто не адмяняў. Праўда, у пачатку тыдня перашкодзілі дажджы, і работу вялі па паўдня, з перапынкамі, пакуль падсохне.

З адвозкай зерня ў «АграБаравінцы» спраўляюцца сваімі сіламі. «Да свайго МТЗ падчапіў МАЗаўскі прычэп, – расказаў Ігар Бегуноў. – Вырашылі, што так будзе больш эканамічны, бо за адзін раз забіраю больш як восем тон збожжа. Вязу яго ў Башні на зерняток. Адлегласць у адзін бок – каля пятнаццаці кіламетраў. Ва ўраджайны дзень са сваімі калегамі Сяргеем Лягчонкам і Аляксандрам Пінчуком робім да васьмі рэйсаў. Гатовы рабіць і па дзесяць, бо ад гэтага залежыць наш заробак. Ды і апынуцца ў адвозчыках-тысячніках ніхто не супраць!».
Ларыса ЗАЙЦАВА.