22 июня в братской могиле в агрогородке Кривое Село Шумилинского района перезахоронили останки неизвестного солдата

Беларусь помніць Главное Общество

22 чэрвеня, у Дзень Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, у аг. Крывое Сяло прайшла цырымонія перапахавання астанкаў невядомага салдата. Ля брацкай магілы сабраліся тыя, хто свята захоўвае памяць аб загінуўшых воінах, якія абаранялі нашу зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дэлегацыю ўзначалілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, мясцовыя жыхары.

Сотні забітых і прапаўшых без вестак салдат перапахаваны ў Беларусі. І на нашай Шумілінскай зямлі пастаянна знаходзяць рэшткі невядомых загінуўшых салдат. Так, 15 красавіка жыхар Бешанковіч на сваім дачным участку, які знаходзіцца ў 200 метрах ад мяжы Шумілінскага раёна, у час работ знайшоў астанкі савецкага салдата, патроны, элементы ваеннай амуніцыі. Невядомага салдата вырашылі пахаваць у брацкай магіле ў Крывым Сяле.
Старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Таццяна Дзятлава расказала прысутным, што на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 5 воінскіх пахаванняў, дзе знайшлі свой апошні спачын 1298 чалавек. У Крывым Сяле пахаваны 89 салдат, і 22 чэрвеня крывасельская зямля прыняла да сябе яшчэ аднаго. Невядомага. Але такога блізкага, дарагога ўсім жыхарам навакольных вёсак – ён са сваімі аднапалчанамі абараняў наш раён ад ворагаў. Пра гэта гаварыў падчас мерапрыемства начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін.


Благачынны цэркваў Шумілінскай акругі пратэіерэй Фёдар Пучынскі правёў малебен па невядомым салдаце і ўсіх тых воінах, што знайшлі апошні прытулак у брацкай магіле.
Залпы дэсантнікаў 103-й мабільнай брыгады. Хвіліна маўчання. Цішыня. Да брацкай магілы ўсклалі кветкі, вянкі і гірлянды. У імя памяці аб загінуўшых дзеці запусцілі ў неба белыя шары з жаўрукамі. У народзе кажуць, што душы загінуўшых за Айчыну салдат ператвараюцца ў белых жаўрукоў. І яны паляцелі ў нябёсы, каб нагадаць нам, як важна берагчы мір на зямлі.


Ларыса Кісялёва



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *