Нават міліцэйская форма дадае жаноцкасці
Колькасць прадстаўніц прыгожага полу ў форме павялічваецца з кожным годам, многія выпускніцы школ абіраюць для сябе ўстановы адукацыі, дзе рыхтуюць спецыялістаў для арміі, міліцыі, выратавальнікаў.
Старшага інспектара групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Алену Ісакаўну Пракоф’еву ведае, напэўна, кожны жыхар раёна, яе служба афармляе галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Беларусі.
У 1999 годзе яна – малады спецыяліст райвыканкама, толькі-толькі атрымала дыплом пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ і вельмі жадала працаваць па спецыяльнасці. Таму згадзілася перайсці ў пашпартна-візавую службу, як тады называлася гэтае падраздзяленне РАУС. Работа спадабалася.
“Самае цікавае і самае складанае адначасова – гэта працаваць з людзьмі, — кажа А. І. Пракоф’ева. – Праз наша падраздзяленне праходзіць практычна кожны жыхар раёна, кожны госць, які прыязджае і спыняецца на некаторы час у раёне. Велізарныя аб’ёмы работы з дакументамі. Працаваць па выхадных і ў пазаўрочны час – норма, бо неабходна выканаць своечасова ўвесь аб’ём работы. Да таго, сваю спецыфіку мае служба ў міліцыі. У час масавых мерапрыемстваў, святаў да дзяжурства прыцягваюцца ўсе супрацоўнікі РАУС”.
Сучаснасць, адкрытасць нашай краіны для ўсяго свету надае рабоце групы па грамадзянству і міграцыі новыя асаблівасці. Бо змена назвы гэтага падраздзялення органаў унутраных спраў – не пустая фармальнасць, а адлюстраванне змяненняў у спецыфіцы дзейнасці. Да звычайнай работы па рэгістрацыі ўнутранай міграцыі дабавілася рэгістрацыя іншаземцаў, што наведваюць нашу краіну, кантроль за рэжымам іх знаходжання. Шмат работы дадала знешняя працоўная міграцыя – трэба дапамагаць нашым грамадзянам у адстойванні правоў пры рабоце за мяжой, адсочваць і папярэджваць выпадкі незаконнай дзейнасці па вывазцы нашых людзей за мяжу, афармляць дакументы для запрашэнняў на работу ў раён грамадзян замежных дзяржаў і шмат чаго яшчэ. Перапіска з адпаведнымі структурамі іншых краін, бясконцы паток запытаў, адказаў – гэта таксама работа старшага інспектара.
Цяпер Алена Ісакаўна разам з калегамі працуе над праектам па стварэнні дзяржаўнага рэгістра насельніцтва Рэспублікі Беларусь, які аб’яднае розную інфармацыю пра грамадзян у агульную базу даных.
Работа займае шмат часу, але Алена Ісакаўна стараецца знаходзіць час для адпачынку, заняткаў для душы. Душэўны спакой надае чытанне класікі, асабліва падабаюцца творы Льва Талстога. Вельмі любіць яна адпачываць на прыродзе, а яшчэ – падарожнічаць: Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Севастопаль, Крым, Польшча… Штогод адпраўляецца ў новае падарожжа, каб паглядзець прыгажосць далёкіх мясцін, каб потым з новымі сіламі брацца за работу – такую складаную і цікавую.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2012 г.