Абарона Айчыны – свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Асабліва ганарова, калі чалавек не толькі выконвае гэты абавязак, праходзячы тэрміновую ваенную службу, але і калі абраная ім прафесія — Радзіму абараняць — становіцца сэнсам далейшага жыцця. Менавіта пра такога чалавека і хочацца расказаць.
У Магілёўскім вышэйшым каледжы Міністэрства ўнутраных спраў са жніўня праходзіць навучанне курсант Вячаслаў Ананьеў. Закончыўшы паспяхова Віцебскі вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі, хлопец вырашыў прысвяціць сваё жыццё барацьбе са злачыннасцю. Вячаслаў упарта і настойліва рэалізуе сваю мару. Зімовую сесію здаў на “выдатна”, хоць вучоба давалася нялёгка: разам са спецыялізаванымі прадметамі і жорсткім распарадкам дня не хапала не толькі дзён, але і начэй.
Курсант В. А. Ананьеў з’яўляецца прыкладам не толькі ў навучанні, але і ў службе, дысцыпліне для ўсяго асабовага саставу 1 курса аддзялення вышэйшай адукацыі факультэта дзённага навучання.
Хацелася б выказаць падзяку маці курсанта Алене Уладзіміраўне Ананьевай за выхаванне сына дастойным грамадзянінам нашай краіны.
Г. КАЛЕСНІК, начальнік Магілёўскага вышэйшага каледжа МУС Рэспублікі Беларусь.
Кадэт Аляксандр Марцінайціс
Марцінайціс Аляксандр вучыцца ў 10 класе Віцебскага кадэцкага вучылішча (раней гэта была Лужаснянская гімназія). Родам ён з Шуміліна. Хлопец сур’ёзна адносіцца да вучобы, займае актыўную жыццёвую пазіцыю. На прайшоўшай нядаўна абласной алімпіядзе па фізіцы ён заваяваў дыплом трэцяй ступені. Хочацца праз раённую газету сказаць вялікі дзякуй бацькам Аляксандра і настаўнікам Шумілінскай СШ №1 за выхаванне і добрую падрыхтоўку хлопца да самастойнага жыцця. Верыцца, што ўсё ў яго жыцці атрымаецца.
Уладзімір ШЫЦЬКО, дырэктар Віцебскага кадэцкага вучылішча.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2012 г.