Час вяртае імёны салдат

2438 воінаў пахаваны ў вёсцы Дворышча Сіроцінскага сельсавета – гэта самыя вялікія брацкія могілкі ў Шумілінскім раёне. Першае пахаванне адбылося ў 1944 годзе, пазней тут рабіліся перапахаванні астанкаў салдат з іншых пахаванняў. Актыўная работа па пошуку імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны штогод адкрывае прозвішчы раней невядомыя.
Так, нядаўна жыхар Масквы Сяргей Фралоў звярнуўся ва Упраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і расказаў, што ён знайшоў звесткі пра свайго стрыечнага дзеда Пятра Еўдакімавіча Фралова, які ваяваў ля в. Навасёлкі (побач з в. Дворышча) і загінуў там. Сяргей Вячаслававіч прасіў увекавечыць імя дзядулі.
«Адзначу, што спецыялісты ўпраўлення па ўвекавечванні разам з Пятром Фраловым даслалі нам 44 прозвішчы салдат, якія загінулі ля Дворышча, – расказала старшыня Сіроцінскага сельсавета Аксана Шынкевіч. – Але чатыры прозвішчы ўжо даўно былі занесены на мемарыяльныя пліты на брацкіх могілках. А вось сорак імёнаў будзем увекавечваць. Трэба заказаць новую пліту з прозвішчамі воінаў-вызваліцеляў. На гэтыя мэты будуць выдзелены грошы з раённага бюджэту. А за арганізацыю работы ў адказе мясцовы сельсавет. Мяркуем, што мемарыяльная пліта будзе ўстаноўлена да канца гэтага года».
Ларыса КІСЯЛЁВА.