Вопросы страхования рассматривались на заседании президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Страхаванне: плён, рэзервы і прагнозы…
Калі гаварыць шчыра, даўно не было на раённых форумах размовы па тэме страхавання і страхавой абароны чалавека. Між тым, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шумілінскім раёне, якое трымае самы цесны кантакт з простым чалавекам, мае права  разлічваць на падтрымку, на дзейсную дапамогу ўлады. Таму запрашэнне  дырэктара прадстаўніцтва П. І. Манака на пасяджэнне прэзідыума райсавета, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава,  нельга лічыць выпадковым: якраз наспела патрэба ў старанным аналізе работы арганізацыі з тым, каб можна было выказаць калектыву слушныя прапановы і парады.
П. І. Манак выступіў з дакладам, у якім было агучана нямала лічбаў, прагучала нямала каментарыяў і высноў. У прыватнасці, адзначалася, што страхавая кампанія ў раёне працуе прыбыткова. У гэтым вялікая заслуга самога калектыву, які заўсёды нацэлены на напружаную работу. Тым не менш не ўсё ідзе так, як хацелася б, як патрабуе час. Згодна з абласной зводкай, шумілінскае прадстаўніцтва па некаторых паказчыках месціцца недзе на ніжніх радках. Менавіта аб праблемах і гаварылася на пасяджэнні. Далёка не кожны жыхар раёна адчувае клапатлівую ўвагу страхавога агента. Час дыктуе новыя падыходы да агітацыі, доказу пераваг страхавання над жаданнем сэканоміць. Як кажуць, скупы плаціць двойчы. І як пацвярджэнне тэзіса: за 2011 год выплачана страхаўшчыкам 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў.
Аднак жа аб рэзервах. Яны ёсць, і немалыя. Скажам, ніяк не хоча народ страхаваць так званую аргтэхніку — ноўтбукі, мабільнікі, іншае. Не лічыць патрэбным застрахаваць пародзістую жывёлу, нават звычайную карову ў вёсцы стараюцца трымаць па прынцыпе: авось пранясе. Вось статыстыка: у раёне 727 кароў, а страхдагавораў заключана ўсяго з 388 гаспадарамі. Рэзерв? Вядома.  Упушчана, па ўсім відаць, работа з прадпрымальнікамі. Не хочуць яны страхаваць свае нажыткі, сваю маёмасць. Кажуць: шкада грошай. А грошы, як падлічыў П. І. Манак, не такія і шалёныя: 0,1-0,2% ад кошту. Напрыклад, калі страхавая сума 10 мільярдаў, прадпрымальнік плаціць усяго 10 мільёнаў узносаў.
Мала хто ведае пра страхаванне медыцынскіх расходаў. У раёне створаны 4 групы страхаўшчыкоў па 12 чалавек. Іншымі словамі, кропля ў моры. А між тым паслуга цікавая і прыцягальная, яна, відаць, патрабуе да сябе больш пільнай увагі з боку страхкампаніі.
Выйшлі ў размове на пытанні выплаты кампенсацыі, адмовы ад яе, на тыя “вузлы”, якія не хоча ці не можа развязаць Белдзяржстрах. Гаворка перш за ўсё пра страхаванне рызыкі перанапружання ў электрасетках спажыўца. На думку П. І. Манака, цяжка дабіцца экспертызы ад энергетыкаў, таму паслуга заведама стратная. Між тым, настойліва прапануюць УП ЖКГ і РЭС заключыць страхаванне агульнаграмадзянскай адказнасці з тым, каб гэтыя арганізацыі, ад якіх залежыць камфорт жыцця чалавека, неслі нагрузку адказнасці.
Другім пытаннем парадку дня пасяджэння быў разгляд вынікаў арганізацыйна-масавай работы мясцовых Саветаў дэпутатаў у 2011 годзе. Размова ішла пра рэйтынгавую сістэму ацэнкі работы мясцовых улад, якая будзе выпрацавана і якая ўключыць у сябе многія найбольш важныя накірункі работы.
Вынікі пасяджэння прэзідыума падвяла І. М. Новікава.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў  №18 ад 02.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *