Афганістан стаў часткай лёсу
Ёсць падзеі, якія сціраюцца з памяці людзей і становяцца здабыткам архіўных сховішчаў. Але ёсць такія, памяць аб якіх непадуладная бегу часу: яна беражліва захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сярод такіх падзей – афганская вайна 1979-1989 гадоў.
Войны не праходзяць бясследна. Кожная нараджае сваіх герояў. Ратны подзвіг ва ўсе часы стаяў на высокім маральным пастаменце, вянчаючы сабой лепшыя якасці чалавека, грамадзяніна, патрыёта, аб’ядноўваючы ў адно цэлае вернасць абавязку, непахісную волю да перамогі, адвагу і мужнасць. Так можна сказаць пра кожнага, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.
Май 1987 года. Выпускнік Лужаснянскага тэхнікума Алег Безгін прызваны на тэрміновую вайсковую службу. Колькі радасці і гонару было ў хлопца, калі даведаўся, што будзе дэсантнікам. «У наш час не пайсці ў армію для хлопца было ганьбай, – расказвае Алег. – Калі ты не быў у арміі, ты не мужчына, на цябе глядзелі з нейкай пагардай. А тут вайсковая эліта, 103-я паветрана-дэсантная брыгада. Гэта была мара любога хлопца. Тым больш я ў Віцебску ў ДТСААФ скокаў з парашутам».
Праўда, паслужыць у Віцебску Алегу Безгіну не прыйшлося. Яго і яшчэ 29 салдат (дарэчы, усе былі з Віцебскай вобласці) накіроўваюць у Фергану ў вучэбны цэнтр. У цэнтры былі 4 узводы, адзін з якіх быў поўнасцю беларускім, другі – украінскім, яшчэ два складалі хлопцы з Сібіры. Тут у вучэбцы не было страявой падрыхтоўкі, не зубрылі вайсковы статут. Тут на працягу 6 месяцаў рыхтавалі да баявых дзеянняў, прычым рыхтавалі афіцэры, якія мелі баявы вопыт на афганскай зямлі. Стральба ў гарах і горныя пераходы, мінна-выбуховыя работы і вялікая фізічная нагрузка. Як успамінае Алег, вельмі хацелася піць, ад смагі выратоўвала толькі гарбата з вярблюджай калючкі, смак якой мужчына добра памятае і сёння.
У верасні 1987 года чатыры ўзводы з вучэбнага цэнтра накіроўваюць у Афганістан. Алег трапляе ў Кабул, у полк на аэрадроме. Камандзірам палка быў Павел Грачоў, які ў сярэдзіне 90-х гадоў зойме пасаду Міністра абароны Расійскай Федэрацыі. «Нам далі месяц на акліматызацыю, – успамінае Алег. – Высакагор’е. Не хапала кіслароду. Калі ў вучэбцы 10 кіламетраў без праблем на марш-кідках прабягалі, то тут адзін кіламетр даваўся з цяжкасцю».
У задачу Алега Безгіна ўваходзіла суправаджэнне калон. Іх БТР ішоў першым, яны шукалі міны. Першае суправаджэнне было па маршруце Кабул – Газні. Да месца дабраліся без праблем.
Спыніліся на начлег, – успамінае А. Безгін. – Там пазнаёміўся з танкістам, які быў з Мінска. Гэты танк ехаў адразу за намі. Успаміналі родныя мясціны, гаварылі пра службу. Зранку калона пачала вяртацца назад. Наш БТР праехаў. А танк нарваўся на міну. Вежа адляцела метраў на дзвесце. Танкісты, ахопленыя полымем, паспелі выскачыць. Сярод іх быў і мой учарашні субяседнік. Танкістаў адразу адправілі ў бліжэйшы шпіталь.
У верасні 1988 года Алега Безгіна як аднаго з лепшых байцоў пераводзяць у так званую горную каманду. «Мы хадзілі па гарах і займалі найбольш выгадныя пазіцыі, каб не даць душманам магчымасці абстрэльваць Кабул, – расказвае субяседнік. – Зразумела, што прыходзілася і бандытаў выбіваць з агнявых кропак. Размініравалі падыходы, дарогі».
Падчас аднаго з размініраванняў Алег Безгін падарваўся. Сябры на плашч-палатцы данеслі да верталёта, які даставіў параненага ў Кабул, у шпіталь, дзе адразу зрабілі аперацыю.
– А ведаеш, што адразу папрасіў, калі прыйшоў у прытомнасць? – з усмешкай звярнуўся да мяне Алег, крыху пераводзячы тэму гаворкі. – Сала! Хаця я яго з дзяцінства не любіў і не еў. Гэта мне пазней медсястра сказала, што ў мяне была вялікая страта
Затым быў шпіталь пры Ваеннай акадэміі ў Ленінградзе, дзе Алегу зрабілі некалькі аперацый. І шпіталь у Мінску. Як у Ленінградзе, так і у Мінску параненых вельмі часта наведвалі маці, чые дзеці загінулі ў Афганістане. Адна з такіх сустрэч проста была непрадказальная.
Добра памятаю жанчыну, якая пачала расказваць пра сына-танкіста, – дзеліцца Алег Безгін. – Пачалі размаўляць. І высветлілася, што гэта той танкіст, які падарваўся падчас майго першага суправаджэння.
На цягніку са сталічнага шпіталя прыехаў Алег Безгін у Шуміліна. Адразу пайшоў да маці. Праўда, гэтага часу хапіла, каб сябры даведаліся пра яго прыезд і сустрэлі на машыне. Так пачалося мірнае жыццё Алега, у якім і да сённяшняга часу ёсць месца баявым сябрам і ўспамінам пра час, праведзены ў Афганістане.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота з асабістага архіва Алега БЕЗГІНА.
Апублікавана ў №12 ад 15.02.2022 г.