Розыгрыш прызоў сярод падпісчыкаў адбыўся
На мінулым тыдні адбыўся розыгрыш прызоў сярод падпісчыкаў на газету
«Герой працы». Прызы ад нашых спонсараў – будмаркета «Караван»,
магазіна «Твой эксперт» і ІП Святланы Сталяровай – знайшлі сваіх шчасліўчыкаў

Нагадаем, што для ўдзелу ў розыгрышы трэба было падпісацца на раёнку на першае паўгоддзе ці першы квартал 2022 года і прадаставіць у рэдакцыю квітанцыю і неабходныя звесткі. У выніку паспытаць удачу і шанцаванне пажадалі 56 чалавек, якія выпісалі газету на паўгода, і 67 падпісчыкаў газеты на квартал.
Вызначаць пераможцаў мы запрасілі начальніка ўчастка паштовай сувязі Алесю Новікаву і індывідуальнага прадпрымальніка Святлану Сталярову. Менавіта яны даставалі з рэдакцыйнага лататрона выпадковае прозвішча.
Розыгрыш праходзіў у два туры. На першым этапе ў лататрон загрузілі прозвішчы тых, хто падпісаўся на паўгода. У туры разыгрываліся самыя галоўныя прызы – адзін сертыфікат на 100 рублёў і два на 50 рублёў у будмаркет «Караван».
Такім чынам, галоўны прыз – сертыфікат на 100 рублёў – дастаўся Яўгену Бараноўскаму з райцэнтра, сертыфікаты на 50 рублёў атрымалі Святлана Крошчанка з Язвіна і Вера Карнакова з райцэнтра.
У другім туры ўсе ўдзельнікі, каму не ўсміхнуўся поспех у першым туры розыгрышу, атрымалі другі шанс выйграць адзін з шасці заахвочвальных прызоў. А тут пераможцамі сталі: Дзмітрый Пятроў з райцэнтра – яму выпаў электрачайнік, Анатоль Скальзаеў з аграгарадка Светласельскі – выйграў набор бакалаў, Аляксей Марозаў з райцэнтра (мульцірамка для фота), Аляксандр Сямёнаў з Мішневіч (ваза керамічная), Анатоль Гаўрылаў з райцэнтра (каструля шкляная з накрыўкай) і Таццяна Гіранкова з Обалі (форма для запякання). Адметна, што двое шчасліўчыкаў аказаліся суседзямі, бо жывуць на адной вуліцы.
Прызы ўручаны. Як высветлілася, большасць пераможцаў латарэі – нашы даўнія падпісчыкі, якія не адзін год выпісваюць газету і, як самі прызнаваліся, чытаюць яе ад коркі да коркі.
Мы віншуем пераможцаў розыгрышу і дзякуем усім за ўдзел і за тое, што чытаеце газету. Ну а тым, каму не пашанцавала, можам параіць толькі адно: не перажывайце. Фартуна – дама непрадказальная. Але, працягнуўшы падпіску на «Герой працы», не выключана, што праз паўгода, калі будзе наступны розыгрыш, яна вырашыць парадаваць менавіта вас.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №3 ад 14.01.2021 г.
Фотасправаздачу глядзіце ў ВК.