Святочныя цуды ў прытулку
Напярэдадні вялікага свята Ражаства Хрыстова старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч адправіліся ў Обальскі сацыяльны прытулак з вельмі прыемнай місіяй – уручыць дзецям падарункі, якія ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» падрыхтавалі работнікі райвыканкама, аддзела па адукацыі і раённага цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый.
Хлопчыкі і дзяўчынкі былі вельмі рады гасцям. Сяргей Галынчык і Мікалай Будневіч павіншавалі іх з Новым годам і Калядамі, пажадалі не хварэць, быць паслухмянымі і каб абавязкова споўніліся іх самыя запаветныя жаданні.
З несхаваным задавальненнем дзеці чыталі вершы і з такой жа радасцю атрымлівалі падарункі: прысмакі і цацкі, якія яны прасілі ў навагодніх лістах. Дзед Мароз аказаўся вельмі шчодрым, ні пра каго не забыўся. Дзеткі ўручылі гасцям віншавальныя паштоўкі, выкананыя сваімі рукамі.
У гэты ж дзень у прытулку прайшло святочнае прадстаўленне для дзетак, падрыхтаванае работнікамі ўстановы і Обальскага гарадскога Дома культуры.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №2 ад 11.01.2022 г.