Віктар Улюценка – лепшы пісьменнік вобласці

Главное Культура Новости

Віктар Улюценка – лепшы пісьменнік вобласці

З Віктарам Улюценка мы сустракаемся часта. Яшчэ б – сваю сцежку ў рэдакцыю раённай газеты ён пратаптаў з 1967 года, калі нікога з нас, хто цяпер служыць газеце, і блізка тут не было. І хоць сёння ў рэдакцыі працуюць іншыя людзі, але тут жыве галоўнае, што яднае – слова, вуснае і друкаванае, літаратурнае і журналісцкае, беларускае і рускае. Слова.
На гэты раз наша сустрэча была асветлена прыемнай навіной – Віктар Улюценка (псеўданім Антон Параскевін) стаў лепшым пісьменнікам у вобласці. Яму прысвоена званне «Лепшы пісьменнік Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Вядома, мы павіншавалі нашага сябра з такім ганаровым званнем, сфатаграфавалі яго з дыпломам і ганаровым знакам, папрасілі расказаць, як яму ўдалося падняцца на першую прыступку літаратурнага п’едэстала.
Як чалавек сціплы і інтэлегентны Віктар Васільевіч не ўмее хваліцца, таму на наша пытанне адказаў коратка: «Так зоркі сышліся». Затое больш падрабязна расказаў пра абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», пра сваіх сяброў па пяру.
З яго слоў мы даведаліся, што Віцебскае абласное аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі» пад кіраўніцтвам Тамары Красновай-Гусачэнкі стабільна трымае лідзіруючае месца ў краіне. Абласная суполка аб’ядноўвае 44-х літаратурных творцаў, сярод якіх акрамя дылетантаў (да якіх Віктар Улюценка сціпла адносіць сябе) ёсць прафесійныя літаратары, сапраўдныя мэтры слова, такія як драматург (адзіны ў вобласці) Фёдар Палачанін з Докшыц; віцебскі паэт Мікалай Наместнікаў; паэтэса, загадчык кафедры літатаруры факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, доктар філалагічных навук Алена Крыклівец; паэт з Глыбокага Алесь Жыгуноў і многія іншыя.
Што датычыць творчых планаў, пісьменнік, паэт і краязнаўца Віктар Улюценка не стаў раскрываць сакрэты, зазначыў толькі, што задум шмат. А на нашу рэпліку «ні дня без радка» зазначыў, што кожны чалавек павінен не толькі ўмець працаваць, але і якасна адпачываць. Тым больш, калі размова ідзе пра творчасць. У пісьменніка, мастака ды і журналіста павінны быць перыяды сузірання, зазначыў ён, калі накопліваецца творчая энергія, якая абавязкова перарасце ў новы твор.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Алены КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №95 ад 07.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *