В Шумилино молодые милиционеры встретились с ветеранами

Актуалии Новости Общество

Сустрэча маладых з вопытам і мудрасцю

Служба ўчастковых інспектараў міліцыі застаецца самай складанай і запатрабаванай. Менавіта ўчастковыя бліжэй да народа, і галоўнае ў іх рабоце – уменне працаваць з людзьмі. Напярэдадні Дня ўтварэння падраздзяленняў участковых інспектараў міліцыі ў РАУС адбылася сустрэча маладых міліцыянераў з ветэранам органаў унутраных спраў Яўгенам Антонавічам Шафіравым.

Дзмітрый Шэдзько і Яўген Шафіраў.

Зацікаўленая размова пра надзённае, слушныя прапановы і парады – у такім фармаце прайшла сустрэча маладых участковых і ветэрана міліцыі. Яўген Антонавіч расказаў пра сваю работу ў РАУС, пра 17 гадоў службы ўчастковым інспектарам. «Мой былы ўчастак – гэта Шуміліна, – згадаў Яўген Антонавіч. – Пасаду ўчастковага ў 1974 годзе мне прапанаваў тадышні начальнік міліцыі Уладзімір Іосіфавіч Літоўка. У той жа год на аддзел былі выдзелены “Жыгулі” і матацыкл з люлькай МТ-10. Начальнік выдаў матацыкл мне як маладому ўчастковаму. Да таго ж, Шуміліна на той час было адным з самых складаных участкаў, дзе пражывала больш за дзевяць тысяч чалавек. Самым галоўным у маёй рабоце і рабоце маіх калег была прафілактыка правапарушэнняў, ахова грамадскага парадку, раскрыццё злачынстваў. Не скажу, што работа была бязвоблачнай. Здаралася рознае. На памяць прыходзяць два злачынствы: на Брыкеце сын забіў бацьку, за “лініяй” – сусед суседа. Усе забойствы, як і большасць злачынстваў, былі здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення.
Падчас службы нам вельмі дапамагалі дружыннікі, разам з якімі рэгулярна патрулявалі вуліцы райцэнтра. Усяго па раёне на той час былі створаны 14 добраахвотных дружын, якія налічвалі больш за сто чалавек. Асабліва актыўнымі былі дружыннікі з сельгасхіміі, ПМК-70, торфапрадпрыемства “Дабееўскі мох”. Пры арганізацыях і прадпрыемствах рэгулярна праводзіліся так званыя таварыскія суды. Такія мерапрыемствы на некаторых парушальнікаў і дэбашыраў дзейнічалі станоўча – асуджэнне грамадства вялікага было варта».
За сямнаццаць гадоў работы ўчастковым Яўген Шафіраў папярэдзіў і раскрыў многа злачынстваў. І так станоўча працаваў на прафілактыку, што адна зямлячка, якая нядаўна сустрэла былога ўчастковага і сказала: «Дзякуй вам за сына. Калі б не ваша мудрасць і вопыт, ён бы невядома дзе быў. А так зараз афіцэр. І ва ўсім бярэ з вас прыклад». Такой шчырай ацэнкі сваёй работы Яўген Антонавіч нават не чакаў. І маладыя супрацоўнікі РАУС парадаваліся за ветэрана міліцыі.
Малады ўчастковы Дзмітрый Шэдзько служыць у РАУС пяць гадоў, адказвае за ахову правапарадку ў Светласельскім сельсавеце – гэта 19 населеных пунктаў, дзе пражывае больш за дзве тысячы чалавек. Дзмітрый расказаў, як арганізавана прафілактычная работа на ўчастку, як ён працуе з абавязанымі асобамі і тымі, хто стаіць на рознага роду прафілактычных улі-ках, згадаў цікавыя выпадкі за час сваёй службы ў міліцыі. А намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі дадаў, што Дзмітрый Шэдзько – адзін з лепшых супрацоўнікаў. Ён не толькі мае дасягненні па службе, але і прымае ўдзел у грамадскім жыцці, займаецца спортам – два гады таму заняў трэцяе месца на чэмпіянаце УУС па лёгкаатлетычным кросе.
Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі міліцыі наведалі «Куток гісторыі РАУС», які нядаўна створаны пры падтрымцы ветэранскай арганізацыі. Яўген Шафіраў пажаў маладым калегам заўсёды адносіцца з павагай да любога чалавека – гэта дапамагае ўмацоўваць аўтарытэт міліцыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №89 ад 16.11.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *