«Чалавек года Шуміліншчыны»: Мікалай Логінаў

Главное Экономика

Ганарыцца тым, што дарожнік

Мікалаю Пятровічу Логінаву, вадзіцелю пагрузчыка шостага разраду філіяла «Шумілінскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №204» КАБУП «Віцебскаблдарбуд», прысвоена сёлета ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны».

У гэтым годзе ў Мікалая Логінава прафесійны юбілей – трыццаць год, як ён працуе ў ДРБУ-204. Уладкоўваўся механізатарам, потым працаваў на грэйдзіраванні дарог. Сямнаццаць гадоў таму перасеў на пагрузчык «Амкадор», і з таго часу неразлучны з гэтай тэхнікай. Круглы год для вадзіцеля пагрузчыка знаходзіцца важная і тэрміновая работа.
«Праўда, самы напружаны час – летні, – кажа Мікалай Пятровіч. – У гэты перыяд я працую на асфальтабетонным заводзе: на «Амкадоры» змешваю гравій, шчэбень і адходы горных парод, якія прывозяць да нас з Мікашэвічаў, што ў Брэсцкай вобласці. Потым усю гэтую сумесь засыпаю ў бункер, і з яе ўжо робіцца асфальтабетон. У самыя «гарачыя» дні, калі рыхтавалі Шуміліна да абласных «Дажынак», за змену выраблялі да 380 тон асфальтабетоннай сумесі. Нялёгка было, напружана, але ж адчувалася падтрымка дружнага калектыву, узаемавыручка, радавалі нядрэнныя заробкі. Увогуле скажу, што пашчасціла мне з калегамі. Удзячны ім за разуменне і дапамогу. Адчуваю сябе ў калектыве камфортна».
Памыляецца той, хто думае, што ў дарожнікаў восенню мала работы, зазначае Мікалай Логінаў. Ён зараз працуе на базе пясчана-саляной сумесі ў Гараватцы. Невядома, якая будзе зіма, а дарожнікам трэба быць гатовымі да самай суровай. Мікалай Пятровіч перамешвае на «Амкадоры» пясок з соллю, потым ссыпае сумесь у кучы. За рабочы дзень перавозіць каля тысячы тон. А ўвогуле на зіму трэба нарыхтаваць больш за шэсць тысяч тон пясчана-саляной сумесі.
Зімой для вадзіцеля «Амкадора» таксама работы дастаткова: трэба загружаць аўтамабілі, якія дзеля бяспекі транспарту, пасажыраў і пешаходаў пасыпаюць дарогі і абочыны пяском. Як правіла, Мікалай Логінаў за дзень паспявае абслугоўваць чатыры аўтамабілі. А ўсяго за змену загружае каля ста тон пясчана-саляной сумесі.
Немнагаслоўны, спакойны па характары, вытрыманы, Мікалай Логінаў кажа, што вельмі любіць сваю работу. І адчувае гордасць за тое, што ён дарожнік і мае самае непасрэднае дачыненне да адной з самых патрэбных і важных прафесій.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №84 ад 29.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *