Ён жыве ў Віцебску, а яго песні – у Шуміліне
Сёння цяжка ўявіць святочную праграму ў Шуміліне без песень Андрэя Крыўцова. Яго тэнар палюбіўся тут, і многія з нецярпеннем чакаюць выхаду спевака на сцэну.
– У Шуміліна мяне «сасватала» Ларыса Цыркунова (кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Гульбічы» Шумілінскага раённага цэнтра культуры – аўт.), – расказвае спявак і акампаніятар Андрэй Крыўцоў. – Я тады якраз шукаў работу непадалёк ад Віцебска, дзе жыў з сям’ёй.
Ён уладкаваўся на паўстаўкі акампаніятара ў Цэнтр культуры, не планаваў затрымлівацца тут надоўга, ды і адлегласць у 40 кіламетраў спачатку палохала. Але чым больш часу праходзіла, тым бліжэй (у прамым і пераносным сэнсе) станавілася Шуміліна, дзе яго і яго творчасць прынялі з адкрытай душой.
І вось ужо 15 год (12 кастрычніка будзе 15), як ён звязаў свой лёс з шумілінскай сцэнай. І цяпер Шумілінскі РЦК яго асноўнае месца работы. І гэта становішча яго цалкам задавальняе.
Андрэй Крыўцоў – прафесійны музыкант, закончыў Віцебскае вучылішча мастацтваў і Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава. Яму падуладны баян і гармонь, фартэпіяна і бас гітара, віяланчэль і скрыпічны кантрабас. А яшчэ ён валодае цудоўным запамінальным тэнарам. Спявак прызнаецца, што напачатку сваёй творчай прафесіі яго больш прыцягвала класіка, але зараз ён не мае нічога і супраць эстрады.
Андрэю пашанцавала і ў прафесіі, і ў асабістым жыцці. Пашчасціла сустрэць блізкага па духу чалавека, мастачку Яўгенію. Пажаніліся, нарадзілі першынца Мішу (сёння яму ўжо 10 год), а неўзабаве шчодры беларускі бусел прынёс у сям’ю двойню – Віту і Уладзіка, якія сёлета паспяхова паступілі ў першы клас.
Так што музыка і песня Андрэя Крыўцова запатрабавана не толькі на грамадскіх, а і на сямейных святах. Застаецца толькі пажадаць, каб і тых, і другіх было багата.
Аліна ПЯТРОВА.