17 верасня – Дзень народнага адзінства

Главное Новости

Адзін народ – адна краіна

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №206 ад 7 ліпеня 2021 года заснавана новае свята – Дзень народнага адзінства, якое будзе адзначацца 17 верасня. Менавіта 17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну.

У выніку рэвалюцыйных падзей у Расіі ў 1918 годзе была адноўлена незалежная Польская дзяржава, кіраўніцтва якой імкнулася да адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года (да першага падзелу). Неўзабаве была распачата польска-савецкая вайна, выніковую кропку ў якой паставіў Рыжскі мірны дагавор. Ад імя Савецкай Беларусі дагавор падпісала РСФСР. Паводле дагавора да Польшчы адышлі беларускія землі з насельніцтвам звыш трох мільёнаў чалавек, з якіх звыш 70 працэнтаў складалі этнічныя беларусы. Рыжскі мір фактычна ўзаконіў захоп Польшчай значнай часткі беларускіх і ўкраінскіх земляў.
За далучанымі да Польшчы беларускімі землямі замацавалася неафіцыйная назва «Заходняя Беларусь». У польскіх жа дакументах гэтыя тэрыторыі абазначаліся назвай «крэсы ўсходнія» (усходнія ўскраіны). Беларускія землі былі падзелены на 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Беластоцкае і Віленскае. У Віленскае ваяводства ўваходзілі і землі сучаснай Віцебшчыны (зараз гэта Браслаўскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі раёны і большая частка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці).

Аграрны ўскраек
Польскія ўлады разглядалі анексіраваныя беларускія землі фактычна як аграрна-сыравінны прыдатак цэнтральнага і заходняга рэгіёнаў Польшчы і абмяжоўвалі іх развіццё. Пераважная большасць прамысловых прадпрыемстваў Заходняй Беларусі былі дробнымі, дзе працавала ад 5 да 20 рабочых. Дзве трэці прадпрыемстваў і рабочых прыходзіліся на долю харчовай прамысловасці. Імкліва развівалася дрэваапрацоўка, асабліва выраб фанеры, што было звязана з эксплуатацыяй лясных багаццяў. У выніку з 1921 па 1936 год плошча лясоў краю зменшылася на 400 тысяч гектараў. Такім чынам, тэмпы прамысловага развіцця значна вышэйшымі былі ў БССР, дзе ажыццяўлялася індустрыялізацыя, у выніку чаго да канца 1930-х гадоў рэспубліка з аграрнай ператварылася ў аграрна-індустрыяльную.
Эканамічнае становішча рабочых у Заходняй Беларусі было значна горшым, чым у цэнтральнай Польшчы. Нават за аднолькавую працу яны атрымлівалі куды меншы заробак. Расло прымяненне працы жанчын і падлеткаў, якім плацілі ў два разы меней, чым мужчынам. Дадайце сюды пераважна ручную працу, працягласць працоўнага дня ў 10–12 гадзін і адсутнасць тэхнікі бяспекі, антысанітарыю на прадпрыемствах, сістэму штрафаў. А падчас сусветнага эканамічнага крызісу 1929–1933 гг. паўстала і праблема беспрацоўя.
Больш за 80 працэнтаў насельніцтва Заходняй Беларусі было занята ў сельскай гаспадарцы. Сяляне пакутавалі ад беззямелля і малазямелля, падатковага прыгнёту і свавольстваў чыноўнікаў. Буйныя зямельныя ўладанні знаходзіліся ў руках памешчыкаў, у той час як большасць сялянскіх гаспадарак мела надзел ад 2 да 10 гектараў. Беззямельныя і малазямельныя сяляне наймаліся падзёншчыкамі, арандавалі зямлю, ішлі працаваць на лесараспрацоўкі. Некаторыя ў пошуках лепшай долі выяз-джалі за мяжу – у Заходнюю Еўропу, ЗША, Канаду, Паўднёвую Амерыку. Па розных падліках у 1921–1939 гадах з Заходняй Беларусі выехалі ад 120 да 150 тысяч чалавек.

Пад прыгнётам
Нягледзячы на міжнародныя абавязацельствы паводле Версальскага трактата, падпісанага ў 1919 годзе, і Рыжскага мірнага дагавора, а таксама на сакавіцкую Канстытуцыю Рэчы Паспалітай 1921 года, правы нацыянальных меншасцяў пастаянна парушаліся.
Беларусы дыскрымінаваліся ў сферы працоўных адносін, дзе перавага аддавалася палякам. У сялян складваліся напружаныя адносіны з польскімі ваеннымі каланістамі-асаднікамі. Абмяжоўваліся грамадзянскія і палітычныя правы беларусаў.
Польскія памешчыкі пасля вяртання ў свае былыя маёнткі помсцілі сялянам за падтрымку савецкай улады. Пасля 1926 года, калі ў Польшчы быў ўсталяваны аўтарытарны рэжым «санацыі» Ю. Пілсудскага, рэпрэсіі ў дачыненні камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных актывістаў набылі масавы характар. Звычайнай з’явай стала збіццё ў паліцэйскіх участках. Падчас разгрому Беларускай сялянска-работніцкай грамады (у канцы 1926 – пачатку 1927 года) былі арыштаваны 946 чалавек. Сотні беларускіх актывістаў былі кінуты ў турмы ў 1931–1932 гадах. 116 з іх былі павешаны па прыгаворах надзвычайных судоў. Вельмі жорстка падаўляліся выступленні сялян. Фактычна здзяйсняліся карныя экспедыцыі, падчас якіх учыняліся масавыя расправы над людзьмі, знішчалася маёмасць сялян.
Сімвалам рэпрэсій стаў створаны ў 1934 годзе канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, праз які за час яго існавання прайшло каля 10 тысяч заняволеных, значную частку якіх склалі беларусы. У афіцыйных дакументах лагер называлі «лагерам ізаляцыі». Рашэнне аб ізаляцыі прымалася не судом, а грамадзянскай адміністрацыяй. Пры гэтым яно не падлягала абскарджанню. У адрозненне ад ГУЛАГа ў Бярозу-Картузскую накіроўвалі не на 10 ці 25 гадоў, а на тры месяцы. Але ствараліся нечалавечыя ўмовы дзеля таго, каб зламаць чалавека фізічна і псіхалагічна, знішчыць у ім асобу, пазбавіць нават думак аб барацьбе. А тэрмін мог бясконца працягвацца кіраўніцтвам лагера. Праўда, можна было хутка выйсці на волю праз публічнае (у газетах) пакаянне і пад-пісанне дэкларацыі аб адмове ад сваіх перакананняў.
Здзяйснялася мэтанакіраваная палітыка паланізацыі і асіміляцыі беларускага насель-ніцтва. Зачыняліся беларускія школы, іх на 1938/39 навучальны год не засталося ўвогуле. Польскіх школ, якія служылі інструментам паланізацыі, таксама не хапала. Забараняліся і канфіскоўваліся беларускія газеты і часопісы, за іх выданне штрафаваліся друкарні, зачыняліся клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні. У дзяржаўных установах не дазвалялася гаварыць па-беларуску. Зачыняліся праваслаўныя храмы.

Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух
Нацыянальны ўціск меў неадназначныя вынікі: адны беларусы пачыналі адносіць сябе да палякаў, у іншых наадварот адбывалася крышталізацыя і ўзмацненне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, імкненне адстойваць свае правы. З самага пачатку 1920-х гадоў распачаўся нацыянальна-вызваленчы рух, які першапачаткова набыў форму ўзброенай партызанскай барацьбы. Узначалілі яго беларускія эсэры і камуністы. Сацыяльную базу руху склалі сяляне, сельская інтэлігенцыя і рамеснікі. Найбольш вядомымі кіраўнікамі партызан сталі К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў, В. Корж. У адказ польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. Развівалася і легальная, парламенцкая форма барацьбы, у польскім сейме ўзнікла фракцыя Беларускі пасольскі клуб.
На хвалі ўздыму вызваленчага руху ў 1923 г. была ўтворана як складовая частка польскай кампартыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая хутка набыла папулярнасць. Праяўлялася тэндэнцыя збліжэння камуністычнага руху з беларускім нацыянальна-дэмакратычным, што выявілася ў стварэнні і дзейнасці масавай арганізацыі – Беларускай сялянска-работніцкай грамады (налічвала больш за 100 тысяч чалавек), разгромленай польскімі ўладамі. Культурна-асветнай працай з 1921 года займалася Таварыства беларускай школы (ТБШ). Моцным быў уплыў КПЗБ на прафсаюзы, якія адстойвалі інтарэсы працоўных.
Чарговы ўздым нацыянальна-вызваленчага руху назіраўся ў другой палове 1930-х гадоў. Адказам стала новая хваля рэпрэсій. Але больш моцным ударам стаў роспуск Выканкамам Камінтэрна ў 1938 годзе кампартыі Польшчы і яе складовых частак. Рэпрэсіям падвергліся партыйныя работнікі, якія знаходзіліся ці былі выкліканы ў БССР. Гэта быў працяг рэпрэсій, распачатых у Савецкім Саюзе супраць удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі яшчэ ў 1933 годзе. Рэпрэсіі наклалі негатыўны адбітак і на працэс аб’яднання беларускага народа ў межах адзінай дзяржавы.

Уз’яднанне
23 жніўня 1939 года быў заключаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні з дадатковым сакрэтным пратаколам. З інтарэсамі Польшчы ў дадзеным выпадку вялікія дзяржавы паступілі гэтаксама, як Польша з інтарэсамі Беларусі ў час Рыжскіх перамоў у 1921 годзе.
На пачатку Другой сусветнай вайны ва ўмовах, калі значныя польскія тэрыторыі і важнейшыя цэнтры былі заняты вермахтам, а польскі ўрад выехаў у Румынію, 17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі ўступілі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Масштабных ваенных дзеянняў паміж польскім і савецкім войскамі не было. Асноўная частка насельніцтва сустракала байцоў Чырвонай Арміі як вызваліцеляў, нярэдка хлебам-соллю і кветкамі. Яшчэ да прыходу савецкіх часцей у некаторых вёсках і мястэчках рабочыя і сяляне раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, стваралі рэвалюцыйныя камітэты, бралі ўладу ў свае рукі.
Адразу пачалася стваральная праца па наладжванні новага жыцця на вызваленай тэрыторыі. Сялянскія камітэты дзялілі землі паме-шчыкаў і асаднікаў, дапамагалі беззямельным і малазямельным сялянам.
Юрыдычна ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР было аформлена праз усенароднае волевыяўленне на Народным сходзе, які адбыўся ў Беластоку ў канцы кастрычніка 1939 года. Пераважная большасць дэпутатаў сходу выказалася ў падтрымку савецкай улады, сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве. Працэс юрыдычна-прававога афармлення прыняцця Заходняй Беларусі ў склад БССР завяршыўся 12 лістапада 1939 года на 3-й пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР.
У той жа час існавалі адмоўныя моманты. Асобы польскай нацыянальнасці падвергліся дэпартацыям. Многія дзеячы беларускага вызваленчага руху былі рэпрэсіраваны. У шэрагу выпадкаў партыйныя і савецкія чыноўнікі, прысланыя на працу ў Заходнюю Беларусь, ігнаравалі мясцовую спецыфіку, традыцыі, што выклікала недавер да савецкай улады.

Акт гістарычнай справядлівасці
Некаторыя публіцысты падкрэсліваюць, што дзеянні Савецкага Саюза ў жніўні – верасні 1939 года парушалі нормы міжнароднага права. Але ж ёсць яшчэ і маральны, і геапалітычны аспекты праблемы. Уз’яднанне беларускага народа стала актам гістарычнай справядлівасці і, безумоўна, мела ў цэлым станоўчае значэнне. Беларускія землі апынуліся ў складзе аднаго нацыянальна-дзяржаўнага ўтварэння, амаль усе беларусы атрымалі магчымасць жыць і працаваць разам. У гістарычнай перспектыве гэта закладвала асновы для афармлення незалежнай Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з гістарычнага значэння ўз’яднання, падаецца, што дата новага свята абрана ўдала. Яна можа служыць напамінам пра няпросты шлях беларусаў да ўласнай дзяржаўнасці і пра ахвяры, прынесеныя нашым народам на гэтым шляху, а таксама падкрэслівае важнасць дзяржаўнага суверэнітэту і народнага адзінства ў сённяшніх умовах.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №71 ад 14.09.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *