31 жніўня ў Наваполацку прайшоў рэгіянальны форум «Беларусь адзіная»

Новости Общество

«Беларусь адзіная»
31 жніўня ў Наваполацку прайшоў рэгіянальны форум «Беларусь адзіная»


Прадстаўнікі Шуміліншчыны сярод удзельнікаў форуму.

Спікеры форуму, добра вядомыя па палітычных і эканамічных тэлеперадачах, рэспубліканскіх выданнях медыйныя асобы – палітолагі Вадзім Гігін, Аляксей Аўдонін, Аляксандр Шпакоўскі, Аляксей Дзермант, Анастасія Баброва прапанавалі абмеркаваць найбольш актуальныя праблемы грамадска-палітычнага жыцця краіны.

Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, падкрэсліў, што на форуме сабраліся аднадумцы, прыхільнікі дзяржаўнай улады, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэта зроблена наўмысна, пад-крэсліў Вадзім Гігін, каб было магчыма канструктыўна абмеркаваць найбольш вострыя, актуальныя праблемы сучаснай Беларусі, ролю Саюзнай дзяржавы і незалежнасць Беларусі.
Пытанні эканамічнага развіцця, стварэння эфектыўнай эканомікі, значэнне прыватнага сектара ў эканамічным развіцці краіны, уплыў эканамічных санкцый на развіццё Беларусі – гэтыя праблемы закрануў Аляксей Аўдонін.
Пра праект змяненняў у Канстытуцыю краіны, прапануемыя варыянты гэтых змяненняў, пераразмеркаванне ўлады паміж уладнымі органамі расказаў член канстытуцыйнай камісіі палітолаг Аляксандр Шпакоўскі.
Захаванне гістарычнай памяці, барацьба са скажэннямі гісторыі Другой сусветнай вайны, абельванне калабарантаў, данясенне гістарычнай праўды да моладзі сталі тэмамі Аляксея Дзерманта.
Пра стваральную ролю жанчын ва ўсіх сферах жыцця гаварыла супрацоўнік Інстытута эканомікі НАН Беларусі Анастасія Баброва.
Пасля выступленняў спікераў форуму яго ўдзельнікі мелі магчымасць задаць свае пытанні, прапанаваць тэмы для абмеркавання. Разгарнуўся шырокі дыялог, у ходзе якога абмеркавалі ролю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў барацьбе супраць санкцый. Падкрэслівалася, што гэта не мае хуткага эфекту, але мае вялікае значэнне для работы на перспектыву, на перамену грамадскай думкі ў еўрапейскіх краінах.
Удзельнікі форуму абмеркавалі праблемы партыйнага будаўніцтва і дзейнасць партый. Дарэчы, сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, Партыі працы і справядлівасці, Камуністычнай партыі. Падкрэслівалася, што партыі дазваляюць прадставіць шырокае кола ідэй, розных груп насельніцтва, галоўнае – каб іх дзейнасць насіла канструктыўны, стваральны характар, не разбурала грамадства і дзяржаву.
У ходзе абмеркавання выказвалася і ідэя ператварэння грамадскага аб’яднання “Белая Русь” у палітычную партыю. У выніку прыйшлі да высновы, што пакуль гэта не трэба, бо звужае задачы і мэты грамадскага аб’яднання.
Вялікую цікавасць выклікалі пытанні маладзёжнай палітыкі, работа ГА БРСМ. Выступоўцы падкрэслівалі, што неабходна агульнымі намаганнямі выхоўваць у моладзі цікаўнасць да працы, больш займаць маладых людзей разнастайнай стваральнай дзейнасцю, не ўхіляцца ў забаўляльны бок.
Вадзім Гігін узняў і тэму прыцягнення прадпрымальніцтва да дзяржаўнага кіравання, прапанаваў ідэю сацыялізацыі прадпрымальнцітва, яго ўдзелу ў дабрачынных, грамадскіх дзеяннях, магчыма і стварэнне нейкай палітычнай арганізацыі, якая б брала канструктыўны ўдзел у палітычным жыцці.
Падсумоўваючы вынікі абмеркавання, спікеры гаварылі аб неабходнасці выяўляць схаваныя матывы пратэсту і пастаянна працаваць над іх ліквідацыяй. У Год народнага адзінства трэба ўразумець, што толькі разам мы можам будаваць незалежную Беларусь.
Вынікі абмеркавання пытанняў грамадска-палітычнага жыцця краіны на рэгіянальных форумах будуць падведзены напярэдадні Дня народнага адзінства 17 верасня.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №68 ад 03.09.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *