Міні-футбол: Шуміліна і Обаль – на вышыні

Новости Спорт, туризм

Шуміліна і Обаль – на вышыні

У суботу, 19 чэрвеня, на футбольнай пляцоўцы ў «Верхнім горадзе» прайшоў адкрыты раённы турнір па міні-футболе сярод аматарскіх каманд, прысвечаны 77-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За перамогу змагаліся пяць каманд: зборная Шумілінскага раёна, зборная Обальскага керамічнага завода, наваполацкі «Ізумруд-Нафтан», віцебскія «Фларыда» і «БелУніФарм».

Падчас урачыстага адкрыцця удзельнікаў спаборніцтваў вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў. Ён выказаў спадзяванне, што сустрэчы пройдуць у цікавай і напружанай барацьбе, у якой перамогуць мацнейшыя і больш падрыхтаваныя. Дарэчы, Андрэй Мазанкоў непасрэдна ўдзельнічаў у турніры: гуляў за зборную Шумілінскага раёна.
Кожная каманда паказвала свой почырк і стыль гульні: адны зрабілі стаўку на камбінацыйную гульню, другія – на напор і рашучасць у атацы, трэція – на надзейнасць у абароне. І такая рознабаковасць была даспадобы футбольным заўзятарам, якіх сабралася багата. Самых ухвальных слоў заслужылі і каманды з нашага раёна. Зборныя Шумілінскага раёна і ОКЗ з першых матчаў паказалі, што нікому ачкі аддаваць не збіраюцца: шумілінцы перамаглі «Ізумруд-Нафтан» з лікам 6:3, а абальчане –«БелУніФарм» з лікам 4:0. Каманды роўна і стабільна адыгралі ўсе свае гульні, у сапернікаў не было шансаў нават на нічыйны вынік.
Такім чынам, першае месца разыгрывалася ў асабістай сустрэчы паміж камандамі раёна. Ва ўпартай барацьбе перамогу святкавала зборная Шумілінскага раёна.
Прызавая тройка спаборнітваў наступная: першае месца – зборная Шумілінскага раёна, другое – ОКЗ, трэцяе – «Фларыда». Пераможцы і прызёрам былі ўручаны памятныя кубкі ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Лепшым нападаючым стаў Аляксандр Буланаў са зборнай Шумілінскага раёна (у яго на рахунку 9 забітых галоў), лепшым галкіперам – Артур Давыдоўскі з Обалі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №47 ад 22.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *