Ірына Уробушкіна – адна з лепшых цялятніц раёна
У маі спаўняецца роўна 20 год як Ірына Міхайлаўна Уробушкіна працуе
ў сельскай гаспадарцы Шуміліншчыны. 20 год кожную раніцу спяшаецца яна на сваю, стаўшую за столькі год роднай, ферму Паратоўка УП «Шумілінскі
райаграсэрвіс».
«Нам, канешне, на такога жывёлавода пашанцавала. Выдатны работнік, – кажуць пра Ірыну Міхайлаўну кіраўніцтва гаспадаркі і загадчыца фермы Алена Драгун, – дужа адказны яна ў нас чалавек. Просты, але з жалезным характарам. Патрабавальная як да сябе, так і да калег».
Дакладную характарыстыку даў падчас урачыстасцяў з нагоды ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Шуміліншчыны» кіраўнік раёна Віктар Гутараў, калі віншаваў Ірыну Міхайлаўну Уробушкіну з ганаровым званнем. «Працавітая, шчырая, справядлівая. Што думае, тое і гаворыць. Чалавек савецкай загартоўкі, калі бярэцца за справу, робіць як след, на сумленне. Маладым трэба вучыцца ў Ірыны Міхайлаўны».
За гэтыя ўсе якасці цялятніца мае павагу і пашану не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Зараз на выхаванні і гадаванні ў Ірыны Міхайлаўны 264 цяляці – укормленыя, чыстыя і дагледжаныя. Сярэднясутачныя прывагі ў яе групе складаюць 600 грамаў. Ёсць, вядома, любімчыкі – да нядаўняга часу быў лысенькі Бонька, які дужа любіў цукеркі і пячэнне. Зараз з’явіліся Зюмка і Фіксік.
На ферме Ірына Міхайлаўна працуе поплеч з дачкой Наталляй, і прызнаецца, што спакойна перадасць ёй справу. Дарэчы, практычна ўсе дзеці Ірыны Міхайлаўны (а іх у яе пяцёра), і нават ўнукі, так ці інакш звязаны з сельскай гаспадаркай. Гены і бацькоўскі прыклад – вялікая сіла.
І. М. Уробушкіна ніколі не лічыцца з часам. Работа ў яе на першым месцы. «Калі мне веласіпед выдадуць, – усміхаецца яна, – буду і да 80 працаваць. Вельмі люблю я сваю работу. Ведаеце, я толкам працоўны водпуск ніводны не адпачывала, – шчыра працягвае жывёлавод. – Не магу надоўга пакідаць сваіх маленькіх падапечных. Ім жа ўсім патрэбны кожнадзённы догляд: усіх, як малых дзетак, трэба пакарміць, папаіць, памяняць падсцілку. Гэта галоўныя сакрэту поспеху ў гадаванні цялят!».
А дома ў Пабедзе куры. І многа кветак. Іх Ірына Міхайлаўна любіць не менш, чым сваіх гадаванцаў. Буракі і моркву не пасадзіць, а кветкам – пачэснае месца. А калі любіш справу, якой займаешся, атрымліваеш непараўнальнае задавальненне і вынік.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 38 ад 21.05.2021 г.