«Віншуем герояў працы»
Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўпершыню ў гэтым годзе арганізаваў і правёў акцыю «Віншуем герояў працы», прысвечаную Святу працы. Старшыня райкама Вольга Пусянкова наведала гаспадаркі раёна, каб сказаць работнікам сельскай гаспадаркі шчырае дзякуй за работу, уручыць падзячныя лісты і падарункі.
У прафсаюзных пярвічках раёна былі вызначаны працаўнікі, якія прысвяцілі рабоце ў сельскай гаспадарцы па 30 і больш гадоў, паказваюць прыклад у працы і зараз.
Самы зайздросны стаж работы сярод усіх лідараў аказаўся ў галоўнага бухгалтара СФГ «Раднік» Валянціны Гнядоўскай, якая ад-працавала ў гаспадарцы 47 гадоў. Крыху меншы стаж у яе земляка Уладзіміра Аглушэвіча, які працуе вадзіцелем. Падарункі і падзякі былі прыемным сюрпрызам для дыспетчара КУСГП «Ульскі» Надзеі Сіпко і заатэхніка гэтай жа гаспадаркі Святланы Кругловай. «Вялікі дзякуй за ўвагу да нас, працаўнікоў вёскі, – казалі жанчыны. – Пасля віншаванняў і працаваць весялей».
У ААТ «Ляжні» віншаванні ад прафсаюза атрымалі вадзіцель Юрый Кавалеўскі, механізатар Сямён Лазука і галоўны ветурач Аляксандр Прохараў, у ААТ «Прыазёрны мір» – перадавы механізатар Віктар Мацюшкоў.
Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» вылучыла для прафсаюзнага віншавання эканаміста Галіну Кудзей і электраманцёра Андрэя Аўсянкіна. Абодва аказаліся вельмі сціплымі, казалі, што ўсяго толькі стараюцца на рабоце і нават саромеюцца, калі іх называюць «героямі працы».
Ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» падарункамі былі ўзнагароджаны загадчык майстэрні Валерый Грузневіч і трактарыст-машыніст Генадзь Рыбачэнка.
Механізатары Юрый Дзятлаў і Пётр Самуйлаў з КУСГП «Мішневічы», Сяргей Антонаў і Мікалай Прышчэпаў з КУСГП «Сіроцінскі», аператар машыннага даення ААТ «АграБаравінка» Алена Кухарэнка працавалі на далёкіх палетках, таму падарункі ім перадалі на наступны дзень старшыні прафсаюзных пярвічак сельгаспрадпрыемстваў.
Не засталіся па-за ўвагай і ветэраны працы, якія сёння на заслужаным адпачынку. Прыемна Вользе Пусянковай было віншаваць былога калегу па прафсаюзнай рабоце, а таксама былога брыгадзіра калгаса «Ленінскі прызыў» і былога старшыню калгаса «Праўда» Васіля Юхнаўца, які аддаў сельскай гаспадарцы 44 гады.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №33 ад 30.04.2021 г.