Што для нас работа ў рэдакцыі?
Пятрова Аліна, галоўны рэдактар:
22-гі год працую ў раённай газеце. І не ўяўляю сябе ні ў якой іншай сферы. Статус журналіста, наогул, дае ўнікальны шанс дакрануцца да розных прафесій, пазнаёміцца з рознымі людзьмі, адчуць іх характар, настрой, зрабіць свае штрыхі да партрэта кіраўніка раёна і радавога механізатара, святара і грэшніка…
Наогул, работа з людзьмі, работа са словам – гэта вельмі цікава, падштурхоўвае ўвесь час працаваць над сабой, многа чытаць, думаць і сумнявацца, шукаць ісціну і зноў сумнявацца.
Раніцай люблю ісці на работу пешшу, абдумваць планы на дзень, тэмы для работы, якія потым абмяркоўваем у калектыве. У рэдакцыі добры калектыў, дружны, творчы. Нам па-сямейнаму ўтульна разам, нават калі і не сыходзімся часам у поглядах. Нам усім пашанцавала, што мы адразу ж бачым вынік сваёй работы, атрымліваем задавальненне, калі нумар атрымаўся трапны і спадабаўся чытачу, працуем над памылкамі, калі нешта не атрымалася.
Што для мяне праца ў раённай газеце? – Жыццё. З яго святамі і буднямі.
Мароз Мікалай, намеснік галоўнага рэдактара:
— Прыйшоў у журналістыку свядома, калі можна гаварыць пра ўзважанасць выбару у 7 класе. Тады недзе і пачаў дасылаць допісы ў раённую газету ў Барысаве.
З таго часу мінула шмат гадоў. Пачынаў, праўда, не з журналістыкі — з працы настаўніка, аднак жа неўзабаве прыйшоў на сталую працу ў рэдакцыю. З Шуміліна пачынаў, тут і застаўся. Прайшло з таго памятнага дня без малога 30 гадоў. Таму для мяне праца ў рэдакцыі — лад жыцця, стыль свайго мыслення і плён маіх нялёгкіх парой разважанняў. Вучыўся майстэрству ў больш масцітых журналістаў, у прыватнасці, у былога рэдактара газеты Анатоля Паўлавіча Бруцкага, і пасля, калі знайшоў свой почырк, вучобу не спыняў. Кожны раз звяртаўся да твораў Янкі Брыля, да Уладзіміра Караткевіча, вучыўся і ў іншых беларускіх патрыярхаў літаратуры…
Карпушэнка Алена, адказны сакратар:
– Калі галоўны рэдактар даў заданне напісаць, што для нас работа ў рэдакцыі, падумала: “Летам будзе 14 год., як я ў рэдакцыі». Плюс адзін год работы выкладчыкам у Віцебскім вучылішчы — вось і ўвесь працоўны багаж. Больш у гэтым багажы цікавага — магчымасць працаваць творча, пастаянна эксперыментаваць, рэалізоўваць асабістыя ідэі, вучыцца сучаснаму. Аказваецца, гэта тое, што мне па душы. Не раз даводзілася чуць ад знаёмых: “Не хачу ісці на работу, надакучыла.” А я, прызнацца, ніколі так не думала …
Коцікава Ніна, галоўны бухгалтар:
– А я ў рэдакцыі навічок. Працую толькі месяц. Зараз асвойваюся, знаёмлюся з калектывам, з фронтам работ. Пакуль усё задавальняе.
Растоўская Таццяна, загадчык аддзела па сацыяльна-эканамічных пытаннях:
– Магчымасць сустракацца з многімі харошымі людзьмі: працавітымі, сумленнымі, адданымі сваёй справе, якія любяць сваю сям’ю, шчыра перажываюць за нашу Шуміліншчыну. Такія сустрэчы даюць надзею на лепшае ў гэтым жыцці. Пра іх пішу заметкі з задавальненнем. Адчуваю вялікую адказнасць за кожнае слова, за тое, як сфатаграфавала героя сваёй замалёўкі.
Праца ў рэдакцыі прымушае слухаць і чуць, думаць і разумець чалавека, з якім кантактуеш можа ўсяго 5-10 хвілін, ці ўвогуле размаўляеш па тэлефоне. Для мяне гэта важна.
Ермалаеў Сяргей, карэспандэнт :
– Работа ў газеце – гэта ў першую чаргу магчымасць падзяліцца з чытачамі інфармацыяй, здабытымі ведамі, данесці да іх сваю пазіцыю па розных пытаннях. Работа ў газеце дазваляе пастаянна працаваць з людзьмі самага рознага ўзроўню, розных прафесій. Гэта пастаянныя сустрэчы, новыя знаёмствы, новая інфармацыя. А запатрабаванасць у рабоце журналіста раённай газеты ёсць. Аб гэтым сведчаць і каментарыі на сайце газеты, і тэлефонныя званкі чытачоў з адабрэннем ці крытыкай, з просьбамі дапамагчы ў вырашэнні праблемы.
Чарнічэнка Наталля, рэдактар радыёвяшчання:
– Працуеш сабе, працуеш, нікога, здаецца, не чапаеш. І тут бац: што для цябе работа ў рэдакцыі? Спыніся і сфармулюй. Ну, не скажаш жа, што грошы зарабляць сюды ходзіш. Няёмка неяк, не высакародна. Ды, і якія там грошы… Выходзіць усё ж – за ідэю працуем дзеля задавальнення запатрабаванняў душы, дзеля людзей .
Ну, а што, прачнуўся ты — слухач — аднойчы раніцай, радыё ўключыў, а Шуміліна не гаворыць. “Чаму маўчыш, куды Шуміліна падзелася? Дзякуй табе, дарагі мой Слухач. Люблю цябе бязмежна, для цябе і працую.
Зайцава Ларыса, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі:
– Работа ў рэдакцыі – гэта пастаянны пошук, новыя адкрыцці, знаёмства з цікавымі людзьмі. Пра ўсе навіны ў раёне журналісты расказваюць сваім землякам на старонках газеты. Асабліва прыемна, калі гэтыя навіны добрыя. Хочацца падтрымаць цёплым словам камбайнераў, жывёлаводаў, маладых спецыялістаў…
Работа журналіста патрабуе ўвесь час рухацца, трымаць цесную сувязь з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. Я люблю сваю работу. Тут кожны дзень нешта новае, непаўторнае, часам непрадказальнае.
Бараноўская Наталля, старшы аператар камп’ютарнага набору і вёрсткі.
– Калі б хто ў юнацтве сказаў, што буду працаваць у рэдакцыі, пасмяялася б… Але так склаўся лёс, што працую ў гэтай установе даўно, 24 гады. Здаецца, што і зоркі нешта прадказвалі, бо замуж ішла менавіта 5 мая на Дзень друку. А калі сур’ёзна, зла-віла сябе на думцы, што ўвесь час на працу іду з жаданнем. “Прыжылася” ў калектыве, дзе побач працуюць цікавыя творчыя людзі. Нягледзячы на тое, што бываюць цяжкія дні, калі “гарыць” графік здачы газетных палос, калі прыходзіцца “ціскаць” і запланаваныя, і экстраныя матэрыялы, калі над табою “вісяць” і рэдактар, і адказны сакратар, і карэспандэнты. А ў кожнага свая думка, свая парада наконт вёрсткі. Вось так у спрэчках і “нараджаецца” чарговы газетны нумар.
Шэдзько Аляксандр, карэспандэнт:
— Мне падабаецца мая работа, бо кожны дзень штосьці новае. Безумоўна, галоўнае, гэта пастаянныя сустрэчы з людзьмі, знаёмствы, падчас якіх і ты пачынаеш захапляцца нечым новым. Менавіта пасля знаёмства з Наталляй Парэчынай і Русланам Шайкіным сам захапіўся экалогіяй, стаў сябрам ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
У рэдакцыі я адказваю за асвятленне спартыўнага жыцця раёна. Радуюся за поспехі нашых спартсменаў, разам з імі перажываю іх няўдачы. Асабліва хвалююся, калі бачу землякоў на міжнародных спаборніцтвах.
Дударава Кацярына, старшы аператар камп’ютарнага набору і вёрсткі:
– Наўрад ці кожнаму шанцуе жыць у такім рытме: бясконцыя званкі ад чытачоў, пастаянны паток інфармацыі; тэматычныя спрэчкі, якія пачынаюць адзін-два чалавекі, а напрыканцы ісціну шукаюць усе работнікі рэдакцыі; шум-гам у кабінетах, які зачастую заглушае нават стук клавіш лавіятуры. І гэта можна працягваць бясконца, бо кожны новы дзень прыносіць нешта новае. Не ведаю, як каму, а мне падабаецца такі рытм работы, ён задае тэмп і майго асабістага жыцця.
Донава Галіна, бухгалтар:
– Пасля дэкрэтнага водпуску трапіла быццам бы ў другі свет: у рэкламным аддзеле, дзе я працую, пастаянна людзі, тэлефонныя званкі, безліч дакументаў. Гэта не дае расслабляцца. Работа ў рэдакцыі патрабуе ад мяне быць больш камунікабельнай, уважлівай, цярплівай.
Шылко Галіна, прыбіральшчыца-кур’ер:
– Мяне з рэдакцыяй звязвае больш за 30 год. Палова жыцця. Атрымліваецца, што я тут старажыл. У свой час я ў рэдакцыі працавала друкаром, наборшчыкам, аператарам набору і вёрсткі. І на пенсіі працягваю працаваць тут. Прырасла. Работу ў рэдакцыі любіла і люблю.
Шпакаў Аляксей, вадзіцель:
Я ў рэдакцыі працую толькі 7 месяцаў. Але за гэты час аб’ехаў увесь раён, ведаю амаль кожную вёску. Праўда, прыйшлося шмат павазіцца са старымі “Жыгулямі”. Цяпер спадзяюся, што больш такіх праблем не будзе, бо рэдакцыя перад новым годам атрымала новенькае аўто…
Чытачы раёнкі жадаюць калектыву рэдакцыі і газеце…
Л. А. Дамарацкая, ветэран «Герой працы»:
– Раённай газеце жадаю фінансавага дабрабыту, узаемаразумення з кіраўніцтвам раёна, больш падпісчыкаў, а журналістам – добрых матэрыялаў на злабадзённыя тэмы жыцця.
К. Г. Анацка, начальнік раённага вузла паштовай сувязі:
– Газета задавальняе тым аб’ёмам інфармацыі, які падаецца ў кожным нумары. У далейшым хацелася б, каб гэта інфармацыя была яшчэ больш цікавай, каб газету перадавалі з рук у рукі, каб з’явілася яшчэ больш падпісчыкаў. Калектыву рэдакцыі жадаю творчасці, здароўя і цікавых матэрыялаў.
В. І. Шнявіна, ветэран раённай газеты:
– Я поўнасцю задаволена, як працуе сённяшні калектыў рэдакцыі, як выглядае газета. Без хлеба буду, а раёнку выпішу. Працавала ў рэдакцыі ў 60-я гады карэктарам і машыністкай, а яшчэ раней, будучы школьніцай, бегала ў мясцовую друкарню, дзе ўручную друкаваліся “Запаветы Ільіча”. Хочацца, каб наша газета, нягледзячы на сталы ўзрост, была маладая, прыгожая, каляровая, каб ёй ганарыліся не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.
Н. Н. Будневіч, г. п. Обаль, падпісчык з паўвекавым стажам:
– Газеце 80 гадоў. Мы з мужам – равеснікі раёнкі, хутка будзем святкаваць такі ж юбілей. Раёнку мы любім, асабліва цікава чытаць пра знаёмых людзей, пра навіны на тэрыторыі Лаўжанскага і Обальскага сельсаветаў. Газеце хочацца пажадаць усяго добрага, а галоўнае – здароўя журналістам. Калі будзе здароўе, будзе і настрой, і аптымізм, і працаздольнасць, і многа цікавых матэрыялаў.
В. В. Улюценка, пазаштатны карэспандэнт:
– Хочацца пажадаць газеце пра-цвітання, а карэспандэнтам – жыватворчых і цікавых матэрыялаў, больш пісаць на краязнаўчыя тэмы. А ў гэтым, як мне здаецца, могуць дапамагчы селькоры. Гадоў сорак таму ў газеты іх было многа. Чаму б не аднавіць гэту добрую традыцыю? Са мною згодзяцца многія сталыя журналісты, што селькоры – гэта вочы і вушы кожнай газеты. Хочацца бачыць у газеце і больш аналітычных матэрыялаў, дзе не толькі ўзнімаецца праблема, але і падказваюцца шляхі яе вырашэння.
Н. М. Юхнавец, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Прыазёрны мір”:
– Няхай газета будзе заўсёды на вышыні. Асаблівая падзяка газеце за матэрыялы пра чалавека працы, пра хлебаробаў, даярак, механізатараў. Раённым журналістам зычу натхнення, цікавых ідэй. Няхай яны ніколі не стамляюцца быць у пошуку.
Надзея і Віталь Ціханавец, маладая сям’я з Крывога Сяла:
– Як толькі пажаніліся, адразу пачалі выпісваць раённую газету. Мы яшчэ маладыя падпісчыкі, але нам падабаецца чытаць матэрыялы пра вёску, параўноўваць паказчыкі нашай гаспадаркі з іншымі. Газеце жадаем поспехаў. Хацелася б больш матэрыялаў бачыць пра маладых спецыялістаў, пра тыя праблемы, якія сёння хвалююць гарадскую і вясковую моладзь.
А. А. Мейсак, начальнік цэха ААТ “Малако” г. п. Шуміліна:
– Трэба адзначыць, наша раённая газета «Герой працы» сярод лепшых. Часта чытаю «Герой працы» ў інтэрнэце. Ну, а пажаданні будуць такія: большага тыражу, найменшых выдаткаў, самаакупнасці, большага заробку журналістам. Ёсць і яшчэ пажаданне, можа і не зусім стандартнае: можна паспрабаваць выдаваць газету раз на тыдзень, але каб там было 16 палос. Узяў у рукі газету ў канцы тыдня – і адразу пачытаў усе раённыя навіны.
Інтэрв’ю правяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2012 г.