Хто ў пад’ездзе гаспадар?
Сёлета ў Шуміліне плануецца адрамантаваць 71 пад’езд у шматкватэрных дамах. Зрабіць рамонт могуць як самі жыхары, так і работнікі УП ЖКГ.
Абноўлены пад’езд у доме № 59 па вуліцы Юбілейнай.
– У мінулым годзе дэталёва быў абследаваны кожны пад’езд у шматкватэрных дамах Шуміліна, – расказвае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Віктар Пашкевіч. – Камісія ўстанавіла, што 71 пад’езд патрабуе касметычнага рамонту. Былі вывешаны аб’явы, у якіх расказалі, што рамонт можа зрабіць УП ЖКГ, ці пры жаданні – самі жыхары.
Адразу пасля вывешвання аб’яў ва УП ЖКГ быў шквал званкоў, людзі цікавіліся, як зрабіць рамонт самім. І, трэба сказаць, многія вырашылі самостойна наводзіць парадак у сваіх месцах агульнага карыстання. Так, з пачатку года рукамі жыхароў адрамантаваны 18 пад’ездаў.
У доме №43 па вуліцы Сіпко жыхары зусім нядаўна самі адрамантавалі пад’езд: свежая зялёная фарба, наведзеныя парэнчы лесвіцы, зроблена ўсё акуратна, без нейкіх там лішкаў. «Сабраліся ўсе разам, – расказвае жыхарка кватэры №9 Ала Казлоўская. – Доўга не спрачаліся, неяк адразу ўсе пагадзіліся, што рамонт зробім сваімі сіламі. Сабралі па 30 рублёў з кватэры, аддалі старшаму дома. Той далей і займаўся рамонтам, які завяршылі прыкладна за тыдзень».
Выдзяляецца прадуманасцю і колерамі расфарбоўкі другі пад’езд дома №59 па вуліцы Юбілейнай. Ініцыятарам агульнай справы стала Раіса Шах. Праца тут кіпела талакой, жанчыны мылі, адціралі, фарбавалі парэнчы лесвіцы, асноўныя работы – навядзенне сцен і столі – зрабілі двое мужчын з пад’езда. Рамонт, які доўжыўся каля месяца, абышоўся жыхарам у 40 рублёў з кожнай кватэры.
Кожны адрамантаваны жыхарамі пад’езд – гэта сур’ёзная дапамога работнікам УП ЖКГ, у якіх сёлета шмат работы па падрыхтоўцы райцэнтра да абласных «Дажынак».
– На гэтым тыдні і нашы работнікі пачнуць працаваць, – адзначае Віктар Пашкевіч. – Плануем за месяц рамантаваць па 5 пад’ездаў. Але ўсё-такі хочацца, каб да гэтай справы яшчэ больш актыўна падключыліся жыхары. Зразумела, што яны самі могуць выбраць і колеры, і тып фарбаў. Мы ж прапаноўваем толькі адзін варыянт.
Ёсць і яшчэ адзін бок медаля, з-за якога жыхарам трэба задумацца – гэта кошт рамонту. Так, ва УП ЖКГ падлічылі, што за рамонт пад’езда ў трохпавярховым доме з кожнай кватэры прыйдзецца заплаціць каля 100 рублёў (УП ЖКГ прадастаўляе растэрміноўку на тры месяцы). Так што ў жыхароў шматпавярховак ёсць магчымасць не толькі сэканоміць, а і адказаць на пытанне «Хто ў пад’ездзе гаспадар?»
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №26 ад 06.04.2021 г.