В центральной котельной Шумилино устанавливают новые котлы

Главное Новости Экономика

На мясцовыя віды паліва

Сёння цэнтральная кацельня ў Шуміліне працуе ў штатным рэжыме, у поўным аб’ёме забяспечвае спажыўцоў цяплом. Пры гэтым паралельна на кацельні поўным ходам праходзяць работы па яе рэканструкцыі.

Як адзначыў начальнік цэнтральнай кацельні і кацельні ТМА Сяргей Блізнец, новыя катлы дазволяць ацяпляць жылы фонд мясцовымі відамі паліва і эканоміць значныя сродкі. На цэнтральнай кацельні апошні раз буйныя работы праводзілі 13 год назад, калі былі ўстаноўлены два ацяпляльныя катлы на шчапе, кожны з іх магутнасцю па 2 МВт. Менавіта гэта дазволіла ўлетку на падагрэў вады выкарыстоўваць катлы на шчапе, а зімой для ацяплення кватэр уключаліся два газавыя катлы. «Спажыўцы цеплавой энергіі не адчувалі розніцы, а для прадпрыемства выкарыстанне газавых катлоў абыходзілася вельмі дорага, – расказвае Сяргей Блізнец. – Так, за суткі спальваем у сярэднім 4,5-5 тысяч кубаметраў газу. А ў маразы аб’ёмы павялічваюцца ў некалькі разоў».
Улетку УП ЖКГ набыло два новыя катлы магутнасцю па 3 МВт, якія працуюць на мясцовых відах паліва. Адразу пачаліся работы па рэканструкцыі цэнтральнай кацельні. Восенню, калі цэнтральная кацельня была спынена на прафілактычныя работы, былі заменены трубы-цеплавыхады. На сённяшні дзень рэканструкцыя цэнтральнай кацельні падыходзіць да завяршэння. Устаноўлены фільтры і эканамайзеры, заменена электраабсталяванне. Як расказаў начальнік кацельні, эканамайзеры з дапамогай гарачага газа, які атрымліваецца пры згаранні шчапы, на выхадзе з кацельні будуць падаграваць ваду. «Безумоўна, такая сістэма эканамічна выгадная, – падсумоўвае ён. – Ад яе выйграюць і спажыўцы, якія будуць пастаянна з гарачай вадой, і прадпрыемства, у якога знізяцца затраты на падагрэў вады». Зараз спецыялісты кацельні ўстанаўліваюць механізмы, неабходныя для ўключэння двух новых катлоў у сістэму цеплазабеспячэння.
Пачалося будаўніцтва новага навеса, пад якім можна будзе захоўваць да 1,5 тысячы кубаметраў шчапы (зараз магчыма захоўваць 600 кубаметраў).
– Рэканструкцыю цэнтральнай кацельні завершым падчас гэтага ацяпляльнага сезона, – канстатуе Сяргей Блізнец. – Пасля пусканаладачных работ, калі новыя катлы пачнуць працаваць на поўную магутнасць, адмовімся ад прыроднага газа.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №3 ад 15. 01.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *