Радасць у дзіцячых вачах
29 снежня ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дырэктар РУП па забеспячэнні нафтапрадуктамі «Беларуснафта – Віцебскаблнафтапрадукт» Аляксандр Капшуль арганізаваў віншаванне і ўручыў падарункі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу і ў некаторых сем’ях райцэнтра.
Святочны візіт Дзеда Мароза і Снягуркі ў сем’ях Гаўрылавых, Шацілаў і Пятровых вельмі чакалі. Хлопчыкі апранулі навагоднія касцюмы, дзяўчынкі – прыгожыя сукенкі. Казачныя героі віншавалі дзетак і іх бацькоў, жадалі здароўя, шчасця і дабрабыту. Дзеці з захапленнем чыталі вершы Дзеду Марозу, спявалі песні – трэба ж было заслужыць навагодні падарунак. Пасядзець у Дзеда Мароза на каленках, памацаць яго за бараду, сфатаграфавацца са Снягуркай дзецям было за шчасце. Асабліва радаваліся самыя маленькія – чатырохгадовы Іван Пятроў і Даша Шаціла, якой няма яшчэ і двух гадоў.
Дзед Мароз і Снягурка падарылі шумілінскім дзецям сапраўднае свята, дзе было шмат радасці і ўсмешак. А пазітыўны настрой у тых дамах, куды завіталі казачныя героі, будзе жыць доўга.
У дзіцячы дом сямейнага тыпу Аляксандр Капшуль адправіўся разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай і кіраўніком раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай.
Дзед Мароз і Снягурка наладзілі для дзяцей забаўляльную праграму. Дэпутат абласнога Савета ўручыў выхаванцам салодкія падарункі. Таксама з падарункамі і віншаваннямі ад раённых уладаў далучылася Ірына Новікава, якая пажадала дзецям і маці-выхавальніцы Святлане Цярэнцьевай здароўя, шчасця і дабрабыту. Ірына Шалахава ад раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» падарыла дзецям санкі, якія асабліва спадабаліся самым маленькім выхаванцам дома.
У пераднавагоднія і калядныя дні па ўсёй Беларусі ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, бізнесу, проста добрыя людзі наведваюць дзіцячыя ўстановы, установы адукацыі, мнагадзетныя сем’і, каб павіншаваць з Новым годам, уручыць падарункі. Акцыя працягваецца і ў нашым раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.