Галоўная ёлка Шуміліна прымярае святочны ўбор
На гэтым тыдні ў гарадскім парку «вырасла» галоўная навагодняя ёлка раёна
У панядзелак работнікі камунальнай службы пачалі ўстанаўліваць каркас навагодняга дрэва. На наступны дзень на ім былі замацаваны шматлікія ялінкі, і дрэва набыло завершаны выгляд.
«Самы адказны для нас момант – гэта ўпрыгожанне навагодняй ёлкі, – расказвае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце УП ЖКГ Таццяна Лявонава. – Хочацца, каб, гледзячы на навагоднюю прыгажуню, у жыхароў і гасцей райцэнтра рабіўся лепшым настрой, каб усе паверылі ў калядныя цуды». Дарэчы, святочны ўбор галоўнай шумілінскай ёлкі складаецца з амаль сотні рознакаляровых шароў і 500 метраў светлавых гірляд.
Каляровымі агнямі заззяе навагодняя прыгажуня вечарам 24 снежня, напярэдадні каталіцкіх Каляд, калі тэатралізаванай канцэртнай праграмай распачнецца чарада навагодніх і калядных святочных мерапрыемстваў.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №97 ад 11.12.2020 г.