«Супакойце народ. Урач Гудкоў не звальняецца»
У апошні час жыхароў раёна бударажыла інфармацыя пра тое, што мы рызыкуем пазбавіцца паважанага і аўтарытэтнага ўрача, хірурга з залатымі рукамі Ігара Гудкова, які больш 20 год прысвяціў рабоце ў ЦРБ. Ён, гаварыў народ, вымушаны звальняцца з бальніцы. Пытанне набыло такі рэзананс, што ў канчатковым выніку вылілася ў калектыўны зварот з просьбай прыняць меры і захаваць працоўнае месца ўрача-хірурга І. Л. Гудкова. Ліст быў накіраваны старшыні райвыканкама. У лісце – амаль тысяча (!) подпісаў жыхароў раёна.
«Сітуацыя была дакладна вывучана, – паведаміла рэдакцыі газеты намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. – Атрыманы пісьмовыя каментарыі і адказы зацікаўленых бакоў. Улічваючы шырокі рэзананс пытання, прынята рашэнне агучыць інфармацыю на старонках раённай газеты, каб расставіць усе кропкі над «і» і зняць напружанне ў грамадстве. Безумоўна, кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў тым, каб нашы людзі былі забяспечаны працоўным месцам, а насельніцтва – прафесійнымі спецыялістамі ў галіне аховы здароўя».
Каментарый па дадзеным пытанні рэдакцыі дала выконваючы абавязкі галоўнага ўрача Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Ала Анатольеўна Карапузава:
– Калі шчыра, не вельмі зразумела, з чаго шумілінцы прыйшлі да высновы, што ўрачу-хірургу Ігару Леанідавічу Гудкову не застаецца месца ў бальніцы. На сённяшні дзень Ігар Леанідавіч працуе на 0,5 стаўкі ўрачом у паліклініцы і на 0,5 стаўкі ў хірургічным аддзяленні. Улічваючы сітуацыю з каранавірусам, зараз яму прапанавана работа ў кантактнай брыгадзе – з яго згоды, вядома, з усімі даплатамі. Плюс экстранныя выклікі. Ведаеце, у нас урачы на вагу золата, тым больш такія, як Ігар Леанідавіч.
У мэтах рэарганізацыі работы ўстаноў аховы здароўя былі зменены ўмовы, пра што пісьмова праінфармаваны згодна з працоўным заканадаўствам шэраг супрацоўнікаў Шумілінскай ЦРБ, у тым ліку і І. Л. Гудкоў. З 1 студзеня 2021 года яму прапанавана стаўка ўрача-хірурга паліклінікі, ён па-ранейшаму можа аказваць экстранную медыцынскую дапамогу, па жаданні зможа сумяшчаць пасаду ўрача УЗІ-дыягностыкі. Так што доктар абсалютна нічога не губляе.
Па тэлефоне мы звязаліся і з Ігарам Леанідавічам Гудковым, які зараз знаходзіцца на бальнічным.
– Ігар Леанідавіч, пракаменціруйце сітуацыю: вы сапраўды збіраецеся звальняцца і з чым гэта звязана?
– Ведаеце, у мяне немалая сям’я (І. Л. Гудкоў – мнагадзетны бацька – рэд.), і як бы там ні было, а я ў першую чаргу павінен думаць пра яе дабрабыт. Чатыры месяцы таму адбыліся змяненні ў маёй нагрузцы. І мяне такая нездаровая тэндэнцыя не магла не хваляваць… Але мне, сапраўды, прапанавана стаўка ўрача-хірурга паліклінікі. Так што супакойце народ, напішыце, што хірург Гудкоў нікуды не звальняецца. Наогул вельмі прыемна крануты такой увагай да маёй асобы, тым, што шумілінцы так мяне цэняць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №96 ад 08.12.2020 г.