Калі бацькі разводзяцца…
Развод – гэта вельмі складаная сітуацыя ў жыцці сям’і, церпяць ад якой больш за ўсіх, як правіла, церпяць дзеці. Што ж уплывае на дзіця асабліва дрэнна? Як паводзяць сябе дзеці ў такой сітуацыі?
Пры разводзе дзеці глыбока пакутуюць, незалежна ад узросту: пачынаючы з 3-4 год яны ўсведамляюць, што ў сям’і нешта адбываецца, што бацька (часцей за ўсё дзеці застаюцца жыць з маці) жыве цяпер не з імі. У малодшым узросце яны могуць несвядома адчуваць змяненні агульнай дамашняй атмасферы і стан маці, становяцца капрызнымі і турботнымі.
Але нават у сітуацыі, калі бацькі паводзяць сябе максімальна тактычна і стараюцца не нанесці траўмы, дзеці вельмі пакутуюць.
Справа ў тым, што ў дзяцей надзвычай развітая інтуіцыя, і яны несвядома адчуваюць страту нечага важнага ў сваім жыцці. Для іх бацькі – гэта сапраўды дзве нераздзельныя часткі свету. Часта можна назіраць, як пры сумеснай прагулцы дзіця патрабуе, каб яго трымалі за рукі і тата, і мама: блізкасць абодвух бацькоў дае яму адчуванне стабільнасці і бяспекі яго жыцця.
Пасля разводу прывычны свет дзіцяці развальваецца, страчваецца адчуванне цэласнасці, упэўненасці. Малы не можа ўсведамляць такія складаныя пачуцці, не можа выказаць іх словамі, праблема праяўляецца ў незразумелых капрызах, слязах, агрэсіўнасці, непаслухмянасці.
Часта здараецца, што разводу папярэднічае доўгі перыяд сварак, скандалаў, што вельмі цяжка адбіваецца на дзецях. Такая сітуацыя выклікае ў іх хранічны стрэс з усімі вынікамі.
Дзеці дашкольнага ўзросту для сябе тлумачаць адыход бацькі сваімі дрэннымі паводзінамі ці іншымі ўласнымі недахопамі. Дзіця адчувае развод, як адмаўленне бацькі ад сябе. І гэта пачуццё адрынутасці дзеці могуць захоўваць на доўгія гады.
Цяжкой для дзіцяці з’яўляецца і сітуацыя, калі бацька пасля разводу з’яўляецца ў яго жыцці зрэдку. Калі бацька добразычлівы і праяўляе любоў да свайго дзіцяці, то для малога незразумела, чаму тата ўходзіць, калі разам з ім так добра. Калі ж бацька стараецца трымацца адасоблена, каб празмерна не хваляваць дзіця, то ў яго ўзнікае крыўда і пачуццё непатрэбнасці. Дзіця заяўляе: “Навошта ён наогул прыходзіць?”.
Часта пасля разводу можна назіраць сітуацыю, калі бацькі імкнуцца зрабіць дзіця саюзнікам у сваёй барацьбе адзін супраць аднога. Бацькі маніпулююць малым, імкнуцца прыцягнуць яго на свой бок. У такім выпадку дзіця адчувае несправядлівасць і можа пачаць ненавідзець аднаго ці абодвух бацькоў. А бывае і так, што дзіця вучыцца маніпуляваць бацькамі, атрымліваючы з іх варожасці выгоды для сябе, што істотна скажае фарміраванне асобы малога.
Калі бацька зыходзіць з сям’і, дзеці страчваюць той несвядомы ўплыў, які аказвае яго асоба. Хлопчыкі не атрымліваюць узораў мужчынскіх паводзін, а дзяўчынкі – прыкладаў узаемаадносін мужчыны і жанчыны.
Як жа дапамагчы дзіцяці перанесці развод з найменшымі стратамі?
1. Патлумачце дзіцяці, што сітуацыя, калі бацькі не могуць жыць разам, здараецца ў жыцці даволі часта. Не абвінавачвайце ў гэтым тату (маму). Патлумачце, што вы абодва ў любым выпадку застанецеся яму бацькамі і будзеце любіць.
2. Не абмяркоўвайце з дзіцяці свае крыўды і не падкрэслівайце адмоўныя рысы свайго былога партнёра: дзіця не суддзя сваім бацькам. Ведайце, што ў адваротным выпадку вы рызыкуеце страціць павагу дзіцяці.
3. Пазбягайце спакусы зрабіць дзіця сваім саюзнікам у барацьбе.
4. Пастарайцеся дамовіцца пра рэгулярныя сустрэчы бацькі з дзіцяці, абавязкова загадзя папярэдзьце сына ці дачку, калі сустрэча зрываецца.
5.Пры неабходнасці карыстайцеся дапамогай не ўцягнутых у канфлікт мудрых сваякоў.
6. У выпадку з’яўлення неўратычных сімптомаў, стойкага парушэння паводзін звяртайцеся да псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў за прафесійнай дапамогай.
Н. Кліменцьева, педагог-псіхолаг ЦКРАіР.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.1012 г.