COVID-19 унёс карэктывы ў спартыўнае жыццё Шуміліна

Молодёжь Новости Спорт, туризм

COVID-19 унёс карэктывы ў спартыўнае жыццё

Каранавірус унёс свае карэктывы і ў спартыўнае жыццё, якое толькі восенню пачало пакрыху ажываць. За верасень-кастрычнік прайшлі абласныя спаборніцтвы, у якіх вельмі годна выступілі юныя шумілінскія спартсмены. Пра падрыхтоўку да важных стартаў і іх вынікі расказвае дырэктар Шумілінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Алег АСТАШОНАК.

– У нашай спартыўнай школе развіваюцца два аддзяленні – валейбол і грэка-рымская барацьба. Па гэтых відах спорту прайшло 5 выніковых спаборніц-тваў.
Обальскія і шумілінскія барцы, якіх трэніруюць Пётр Ганушчанка і Юрый Сцяпанаў, на абласным першынстве заваявалі 3 першыя, 1 другое і 1 трэцяе месцы. Чэмпіёнамі сталі Анатоль Анцупаў, Вячаслаў Цітоў і Яўген Ліпчанка.
Сярод хлопцаў-валейбалістаў прайшлі два спаборніцтвы: 2005-2006 і 2006-2007 гадоў нараджэння. На абодвух стартах яркую гульню паказалі каманды нашай СДЮШАР. Трэнер Аляксей Паршыкаў падвёў валейбалістаў у аптымальнай форме. Кожны з хлопцаў паказаў на пляцоўцы сапраўдны байцоўскі характар пераможцы. Чэмпіёнамі вобласці сталі Данііл Абраменка, Арцём Донюш, Арцём Іспянькоў, Раман Насцюшкін, Кірыл Радкевіч, Данііл Шніпаў, Ілья Казлоўскі, Кірыл Быкаў, Назар Алёшкін, Ілья Цімафееў, Данііл Аўчыннікаў, Алег Бохан і Андрэй Фадзееў. Адзначу яшчэ трэнераў Любоў Бабову і Юрыя Пальвінскага, якія ўнеслі значны ўклад у агульную скарбонку перамогі.
Падтрымалі прэстыж шумілінскага валейболу і дзяўчаты. На першынстве вобласці сярод дзяўчат 2005-2006 гадоў нараджэння каманда нашай спартыўнай школы, якую трэніруе Людміла Харкавец, заваявала трэцяе месца.
– Алег Вячаслававіч, наколькі ведаю, ваша ўстанова і падчас пандэміі не спыніла трэніровачны працэс.
– Сапраўды так. Зразумела, што ў першую чаргу былі прыняты строгія меры бяспекі, асабістай гігіены. Трэнеры працавалі па спецыяльна складзеных планах, згодна з якімі на трэніроўках па мажлівасці імкнуліся захоўваць пэўную дыстанцыю. У дадатак, мы не пабаяліся і правялі ўлетку тры змены спартыўнага лагера «Старт». Асноўная праблема, якая паўстала падчас пандэміі, – адсутнасць гульнявой практыкі. Было знойдзена наступнае выйсце: каманды юных спартсменаў праводзілі таварыскія сустрэчы супраць дарослых калектываў.
Сёння ўпэўнена магу канстатаваць, што наш падыход падчас пандэміі быў правільным. І як вынік – Шумілінская СДЮШАР сярод усіх спартыўных школ вобласці ўпэўнена займае першае месца.
– Падзяліцеся планамі на бліжэйшы час.
– А вось тут цяжка сказаць нешта канкрэтнае. Ведаем, што ідзе другая хваля каранавірусу, з-за гэтага ўжо адменены шэраг стартаў. Так, напрыклад, нашы валейбалісты павінны былі абараняць гонар Прыдзвіння на першынстве Беларусі. Але гэтыя спаборніцтвы перанесены на нявызначаны час.
Адно магу сказаць з упэўненасцю: трэніроўкі ў СДЮШАР будзем працягваць, і шумілінскія спартсмены будуць гатовы годна выступіць на любых спаборніцтвах у любы час.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №86 ад 02.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *