Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Дача
Абрабавалі дачны дом у в. Шашы, які належыць жыхару Бабруйска. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што дзвярны прабой у доме выбіў непрацуючы жыхар Улы. Ён жа і ўкраў каструлі і іншы кухонны посуд, якія ацэнены на 50 рублёў. Узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае ліхадзею, – пазбаўленне волі да чатырох гадоў.
Бульба
У РАУС звярнулася жыхарка Мікіціхі і расказала, што ноччу яе абрабавалі. Неўстаноўлены злачынца ўкраў з агарода, што побач з дачным домам у Мікіцісе, 96 кг бульбы і 10 кг фасолі. Сума ўрону ўстанаўліваецца. Па дадзеным крадзяжы праводзіцца праверка.
Бензатрымер
Жыхар райцэнтра паведаміў у міліцыю, што з уваходных дзвярэй яго дома і гаспадарчай пабудовы вырваны прабоі. Прапалі прадукты харчавання і бензатрымер, які ацэнены ў 120 рублёў. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку па гарачых слядах знайшлі злачынцаў, імі аказаліся жыхар райцэнтра і жыхар Лёзненскага раёна. Украдзенае канфіскавана і будзе вернута гаспадару. Ліхадзеі затрыманы і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.

Са зводак ДАІ
Лось
Пацярпеў жыхар Сіроціна, які на легкавым аўтамабілі ехаў па аўтадарозе Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні. Раптоўна на правую абочыну па ходу руху выскачыў лось. Вадзіцель экстранна затармазіў, з’ехаў з праезнай часткі у кювет і перакуліўся. Так удалося пазбегнуць сутыкнення з дзікай жывёлай, якая збегла ў лес. Вадзіцель не пацярпеў, а вось аўтамабіль значна пашкоджаны. Супрацоўнікі ДАІ, якія выехалі на месца здарэння, устанавілі, што мужчына не вінаваты ў дадзеным ДТЗ – ён спрабаваў пазбегнуць сутыкнення з лосем, таму і з’ехаў у кювет.
Заднім ходам
Жыхар Шуміліна, які кіраваў асабістым аўтамабілем «Фальксваген-Пасат», пры руху заднім ходам наехаў на «Нісан», які стаяў на абочыне. Віноўнік ДТЗ з месца здарэння ўцёк, але хутка быў знойдзены. Яму пагражае штраф да 25 БВ або пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі да двух гадоў.
Нецвярозы
Жыхар аг. Светласельскі, які ехаў па аграгарадку на аўтамабілі «Крайслер», быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Як высветлілася, мужчына не меў правоў кіравання і быў нецвярозы. Яму пагражае штраф да 100 БВ і пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на тры гады. Прыцягнуты да адказнасці і гаспадар легкавога аўто, які перадаў кіраванне чалавеку без правоў (пагражае штраф ад 5 да 15 БВ).
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №86 ад 02.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *