Яе вылучаюць веды, такт і вытрымка
Фармацэўт-рэцэптар цэнтральнай аптэкі № 40 Шумілінскага раёна першай катэгорыі Святлана Леанідаўна Вера-Брыскет узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Такой вялікай пашаны жанчына ўдастоена за шматгадовую плённую работу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё і ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя.
Святлану Веру-Брыскет ведае большасць шумілінцаў. Калі не асабіста, то сустракаюцца з ёй у аптэцы. Пакупнік толькі працягне рэцэпт, а патрэбная бутэлечка ці ўпакоўка з таблеткамі ўжо на прылаўку. Святлана Леанідаўна адпускае лякарствы ўважліва, без мітусяніны, і ў той жа час хутка. Гэта таму, што хутка арыентуецца сярод мноства лекаў, ведае, на якой паліцы што ляжыць.
Аптэку наведваюць розныя катэгорыі грамадзян. Часцей сюды прыходзяць людзі сталага ўзросту, якія па стане здароўя штодзённа прымаюць лекі. Часта звяртаюцца да фармацэўта і маладыя мамы. Дзверы аптэкі адкрываюць не толькі шумілінцы-землякі, але і дачнікі, прыезджыя, бо, загадзя патэлефанаваўшы, яны ведаюць, што ў аптэцы ёсць неабходныя ім лекі. Святлана Леанідаўна заўсёды ўважлівая з людзьмі, тактоўная, вытрыманая і спакойная. Яна ўмее знайсці падыход да кожнага наведвальніка і задаволіць яго запыты, лічыць загадчыца аптэкі Анастасія Маскалькова.
Калегі Святланы перакананы, што яна ведае пра лякарствы практычна ўсё, бо мае зайздросны стаж фармацэўта – 27 гадоў. Пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага каледжа была накіравана ў Мікалаеўскую аптэку, потым заняла месца фармацэўта-асістэнта (спецыяліста па прыгатаванні лекаў) у шумілінскай аптэцы.
– Што, на вашу думку, першачарговае ў рабоце фармацэўта? – пытаюся ў Святланы.
– Галоўнае – гэта любіць людзей, – кажа фармацэўт. – Тады будзеш да іх адносіцца ўважліва, раіць па іх просьбе больш танныя лекі – аналаг імпартным. Я люблю людзей, вельмі хачу, каб нашым наведвальнікам дапамаглі лекі, каб усе землякі былі здаровымі. «Фармацыя – заўсёды з адкрытым сэрцам» – такі заклік нашага Віцебскага УП «Фармацыя». Стараемся ўсё рабіць дзеля людзей і іх здароўя: своечасова заказваем лекі, адпускаем лякарствы на вясковыя ФАПы, працуем па заяўках, у нас дзейнічае дысконтная праграма, часта бываюць скідкі, можна пакінуць інтэрнэт-заказ. Больш таго, у аптэцы можна купіць і касметычную прадукцыю, і мінеральную ваду, і комплексы розных вітамінаў. Так што запрашаем прыйсці да нас за здароўем і прыгажосцю.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №76 ад 29.09.2020 г.