У Шуміліне прайшла традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў

Главное Новости Образование

Адукацыя Шуміліншчыны: традыцыі і інавацыі

28 жніўня ў Шуміліне прайшла традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў раёна

На канферэнцыю сабраліся настаўнікі і выхавальнікі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, ветэраны педагагічнай працы, маладыя спецыялісты. У ліку ганаровых гасцей канферэнцыі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына Шалахава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова. У госці да шумілінскіх педагогаў прыехаў старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка.
У фае райвыканкама былі прадстаўлены творчыя работы педагогаў і вучняў. Майстар-клас па робататэхніцы прадэманстравалі навучэнцы раённай гімназіі-інтэрната на чале з дырэктарам установы Ларысай Маладзечкінай.
Удзельнікам канферэнцыі даслалі відэа-прывітанне выхаванцы шумілінскага ясляў-сада №1, якія пажадалі педагогам творчага натхнення і поспехаў.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова выступіла з дакладам, у якім прааналізавала работу галіны ў мінулым навучальным годзе, вызначыла асноўныя напрамкі работы і яе задачы на новы 2020/2021 навучальны год.
Амаль 17 мільёнаў рублёў выдаткавана з бюджэта на работу галіны ў 2020 годзе. На капітальны рамонт устаноў адукацыі пайшло больш за 1,5 мільёна рублёў, 548 тысяч – на бягучы. Абноўлены фасад Обальскай СШ, у школе адрамантаваны месцы агульнага карыстання, абедзенная зала, ідзе работа па замене свяцільнікаў. Завяршаецца другая чарга капітальнага рамонту ў Шумілінскай СШ №1, поўнасцю капітальны рамонт завяршыцца у 2021 годзе. Добрым падарункам для жыхароў мікрараёна Шумілінскай СШ №2 стала спартыўная пляцоўка з сучасным пакрыццём, сродкі на якую выдзеліла прадпрыемства «Санта Рытэйл» (40 тысяч рублёў) і раённы бюджэт (10 тысяч).

Дашкольная адукацыя
У мінулым навучальным го-дзе працавала 12 ясляў-садоў, у новым навучальным годзе будзе працаваць 11 устаноў дашкольнай адукацыі. Ахоп дашкольнай адукацыяй складае 97,4% дзяцей дашкольнага ўзросту. Ва ўстановах адукацыі працуе 122 педагогі, 59,4% з якіх маюць спецыяльную адукацыю, 52,7% – з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Заслужаны аўтарытэт у дзяцей, бацькоў і калег заваявалі выхавальнікі Красоўская А. М. (я/с №1), Гарэленкава С. П. (я/с №2), Лабачова Н. Я. (я/с №3), Лук’янава В. В. (Обальскі я/с).

Агульная сярэдняя адукацыя
Работа ўстаноў адукацыі была накіравана на падрыхтоўку дзяцей да жыцця, дапамогу ў прафесійным і жыццёвым выбары, адзначыла Валянціна Васільеўна. Значная ўвага надавалася і надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Ва ўстановы адукацыі раёна паступілі сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, мультыборды, 66 тысяч выдаткавана на абнаўленне камп’ютарнай тэхнікі.
За мінулы навучальны год якасць ведаў (6-10 балаў) склала 37,6%. 9 выпускнікоў 11 класаў закончылі навучальны год з залатым медалём, 6 выпускнікоў 9 класаў атрымалі пасведчанне асаблівага ўзору. Паступленне ў ВНУ сёлета склала 73% ад агульнай колькасці выпускнікоў, з іх 81% паступілі на бюджэтную форму (у Мікіціхінскай і Кардонскай СШ, раённай гімназіі 100% выпускнікоў паступілі на бюджэт).
Школы працавалі па 6 профілях, у тым ліку дзейнічалі аграрныя і педагагічныя класы. Тры выпускнікі Кардонскай СШ паступілі ў ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях, а значыць яны вернуцца працаваць у родны раён.
Добрыя вынікі вучні школ раёна паказваюць на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, у даследчай вучнёўскай дзейнасці.
У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі працуюць 296 педагогаў: 94,6% маюць вышэйшую адукацыю, 87,9% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Педагогі ажыццяўляюць інавацыйную дзейнасць па 4 рэспубліканскіх інавацыйных праектах, 4 абласных творчых і 21 раённым педагагічным праектах.
Задачамі ўстаноў адукацыі на новы вучэбны год застаюцца: павышэнне якасці адукацыі, пашырэнне выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у навучальным і выхаваўчым працэсах, прафесійная арыентацыя вучняў на запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці і прафесіі, індывідуальная работа з адоранымі дзецьмі.
У сваім выступленні кіраўнік аддзела па адукацыі закранула пытанні харчавання дзяцей, аховы здароўя, развіцця фізкультуры і спорту ў школах раёна, работы сістэмы спецыяльнай адукацыі, якая ахоплівае 298 дзяцей.
На канферэнцыі выступілі педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна. Настаўнік хіміі і біялогіі Шумілінскай СШ №1 Вольга Церашчук, якая падрыхтавала Анастасію Мацюшчанку да здачы ЦТ па біялогіі на 100 балаў, падзялілася вопытам работы па падрыхтоўцы да тэсціравання, засяродзіла ўвагу на асаблівасцях гэтай работы і ролі настаўніка ў гэтым працэсе.
Дырэктар Кардонскай СШ Людміла Васільева падзялілася асаблівасцямі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання як ўмовах канкурэнта-здольнасці сельскай установы адукацыі. Вучні гэтай школы паказваюць стабільна высокія вынікі паступлення ў ВНУ: 2019 год – 81%, 2020 – 100%.
Дырэктар раённай гімназіі Ларыса Маладзечкіна расказала пра работу установы адукацыі ў рамках рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, у тым ліку STEAM-адукацыі. Гэты праект арыентаваны на падрыхтоўку выпускнікоў да паступлення на інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці.
Удзельнікаў канферэнцыі вітаў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў: «У раёне да пачатку новага навучальнага года ўлады стараліся зрабіць максімальна для падрыхтоўкі устаноў адукацыі. Многае зроблена на Обальскай СШ. Цяпер ідуць работы па СШ №1. Мы пастараемся справіцца з цяжкасцямі, тым больш, што знайшлі падтрымку ў абласных структурах. Калі рамонт завяршыцца, у нас будзе сапраўдная школа будучага, якую мы пакажам усім. Прыемна, што ва ўстановах адукацыі склаліся дзейсныя працоўныя калектывы, якія працуюць на высокі вынік». Кіраўнік раёна звярнуў увагу на неабходнасць падрыхтоўкі дзяцей да жыцця, каб хлопцы «маглі малаток у руках трымаць». Ён накіраваў педагогаў на неабходнасць арыентацыі дзяцей не толькі на ВНУ, але і на вельмі неабходныя ў раёне рабочыя прафесіі, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Наогул, раён чакае спецыялістаў усіх прафесій: і медыкаў, і інжынераў, і эканамістаў, і механізатараў, падкрэсліў Віктар Гутараў.
Старшыня райвыканкама выказаў падзяку работнікам устаноў адукацыі за аператыўную рэакцыю ў пачатку эпідэміі каранавірусу, за тое, што першымі адгукнуліся на запыт медыкаў і пачалі шыць маскі, касцюмы.
Кіраўнік раёна не абышоў і агульную сітуацыю ў краіне: стабільнасць, мір, спакой у грамадстве і краіне – вышэйшыя каштоўнасці. Ён папрасіў педагогаў падтрымліваць гэты парадак і тлумачыць бацькам, вучням.
«Пачатак навучальнага года гэта заўжды свята, адзначыў Віктар Гутараў. – Таму дазвольце павіншаваць вас і пажадаць моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, добрых вучняў, смелых ідэй і іх рэалізацыі».
Віктар Гутараў уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама дырэктару Кардонскай СШ Людміле Васільевай і загадчыку Шумілінскага ясляў-сада №2 Таццяне Донюш, Падзякі старшыні райвыкнакама – дырэктару Башнеўскай БШ Ірэне Кажанеўскай і намесніку дырэктара гімназіі Веры Якубёнак. Граматай Міністэрства адукацыі Беларусі адзначана Вольга Бяляева, настаўнік рускай мовы і літаратуры раённай гімназіі-інтэрната.
Да віншаванняў педагогаў і работнікаў галіны далучылася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая падзякавала ім за нястомную працу на навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і ўзнагародзіла Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў дырэктара Обальскай СШ Іну Чарнічэнку і кіраўніка Шумілінскай СШ №2 Жанну Рагуновіч.
Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама адзначана работа дырэктара раённай гімназіі Ларысы Маладзечкінай, загадчыка Обальскага я/с Наталлі Спірыдзенкі, намесніка дырэктара – загадчыка дзіцячага сацыяльнага прытулка РСПЦ Наталлі Крыўко, настаўніка фізкультуры Шумілінскай СШ №1 Юрыя Мясаедава, настаўніка хіміі і біялогіі СШ №1 Вольгі Церашчук, настаўніка геаграфіі Обальскай СШ Алы Захарэнкі, настаўнікаў хіміі і біялогіі раённай гімназіі Ірыны Кручковай і Святланы Кучмаровай, настаўніка фізікі Амбросавіцкай я/с – БШ Мікалая Пашкевіча.
Кіраўнік абласнога галіновага прафсаюза Валерый Кунашка таксама павіншаваў работнікаў галіны са святам, уручыў Грамату рэспубліканскага галінавага прафсаюза старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Галіне Раманенцы. Валерый Кунашка расказаў пра акцыю, якую штогод праводзіць арганізацыя да 1 верасня, і перадаў падарункі – 22 ранцы са школьнай канцылярыяй для першакласнікаў – дзяцей работнікаў устаноў адукацыі.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова ўручыла граматы аддзела вялікай групе работнікаў устаноў адукацыі раёна.
Адбылося прадстаўленне маладых спецыялістаў, якія сёлета прыйшлі ў раён на працу. З вітальным словам да іх звярнулася настаўніца Обальскай СШ Анастасія Бучкіна, якая сама яшчэ з’яўляецца маладым спецыялістам. Анастасія падзялілася ўражаннямі ад першага года работы і заклікала маладых калег не губляцца, упэўнена дабівацца пастаўленых мэт, а падтрымку і дапамогу ў школах і садах яны знойдуць абавязкова.

Перад педагогамі выступіла Ірына Палякова, якая павіншавала іх з пачаткам навучальнага года, выказала шчырыя пажаданні на надыходзячы год. Ірына Міхайлавўна гаварыла пра ролю настаўнікаў у захаванні стабільнасці і міру ў грамадстве, выхаванні падрастаючага пакалення ў атмасферы патрыятызму, любові да малой радзімы.
На гэтым канферэнцыя завяршыла работу.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №68 ад 01.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *