«Растварыцца ў танцы – шчасце»
Рытм, энергія, музыка, разнастайныя формы, у якіх рухаецца цела ў такт падабранай музыкі. Дзеці ў яркіх касцюмах, бясконцы паток весялосці і ўсмешак. Усё гэта танцавальны калектыў «Вясёлка» раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Святлана Юр’еўна Раманава.
«Прафесійнае майстэрства, цудоўныя арганізатарскія здольнасці, пастаянны пошук новых прыёмаў і метадаў, якія вырашаюць творчыя і выхаваўчыя задачы – гэта характэрна для Святланы Юр’еўны, – кажа дырэктар цэнтра Наталля Пятроўская. – Мы ганарымся нашым танцавальным калектывам і яго поспехамі. А іх нямала: толькі ў мінулым навучальным годзе атрымалі 14 перамог на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Зусім нядаўна сталі вядомы новыя перамогі: два дыпломы першай ступені (за танцы “Крутуха” і “Дарогамі вайны”) і дыплом другой ступені (танец “Гэта Беларусь мая”) на міжнародным конкурсе харэаграфічнага мастацтва. А на міжнародным конкурсе танцавальнага мастацтва “Жыццё ў руху” ўдзельнікі “Вясёлкі” сталі лаўрэатамі другой і трэцяй ступені».
Мы сустрэліся са Святланай Раманавай, каб пагаварыць пра яе захапленне танцамі, харэаграфію і творчы лад жыцця.
– Пасля заканчэння школы я атрымала спецыяльнасць «кіраўнік самадзейнасці харэаграфічнага калектыву», працавала спачатку ў РДК, потым у СШ № 1 выкладала ўрокі рытмікі, сем гадоў працую ў Цэнтры дзяцей і моладзі – вось і ўся 27-гадовая біяграфія, – усміхаецца Святлана. – Сама з дзяцінства люблю танцы, музыку. Сядзець на месцы – гэта не маё, не магу без танцаў».
Святлана Раманава займаецца з 9 рознаўзроставымі групамі, якія аб’ядноўваюць 94 дзяўчынак і хлопчыкаў ад 6 да 14 гадоў. Графік шчыльны: шэсць дзён на тыдні адводзяцца на танцы.
– Якія танцы выбіраеце для выхаванцаў? – пытаюся ў Святланы Юр’еўны.
– Для першага і другога года навучання – гэта дзіцячы танец, для сярэдняй групы – эстрадныя, для старэйшай – народна-стылізаваныя і народна-сцэнічныя.
– А якія бліжэй вам?
– Напэўна, народныя. Але лічу, што ўсе танцы дастойныя ўвагі. Кожны з іх, пастаўлены з любоўю – гэта маленькі спектакль. Тым больш, што мы прымяняем стылізацыю, так бы мовіць, робім народны танец больш сучасным: і пазіцыі мяняем, і музыку.
Прызнацца, раней думала, што кіраўнік танцавальнага калектыву падбірае танцы і музыку загадзя і прапаноўвае іх групе канкрэтнага ўзросту. Аказваецца, у Святланы Юр’еўны работа пастаўлена па-іншаму. Педагог можа загадзя прадумаць толькі размінку, расцяжку, практыкаванні на пастаноўку корпуса. Усё астатняе – творчая работа разам з калектывам.
– Каго б вы хацелі паказаць у танцы? – заўсёды пытаецца кіраўнік у сваіх выхаванцаў.
– Кошак і мышак, – кажуць малодшыя дзеці.
– А мы піратаў! – сцвярджаюць старэйшыя.
І вось тут пачынаецца работа па падборы танцаў, рухаў, музыкі, касцюмаў. Нешта падказваюць дзеці, многае дадумваецца ў працэсе работы. Паступова складаецца цэласны вобраз танца. А потым – бясконцыя рэпетыцыі, часам работа да сёмага поту. Тым не менш дзеці з радасцю бягуць на гурток.
– Неталенавітых дзяцей няма, – упэўнена Святлана Раманава. – Яны ўсе раскрываюцца ў танцах. Не маю звычку нешта навязваць дзецям. Дзеці самі выбіраюць вобразы, у якія потым і ўкладваюць душу. Сілай нікога не прымусіш танцаваць прыгожа і стварыць саюз пластыкі і музыкі. А растварыцца ў любімым танцы – гэта шчасце.
Па словах калег, Святлана Юр’еўна добры выхавальнік, псіхолаг, які ўмее знайсці агульную мову з людзьмі. У прыватнасці, з бацькамі, многія з якіх жывуць танцамі сваіх дзяцей: дапамагаюць шыць касцюмы, суправаджаюць групу падчас выступленняў, разам ездзяць на канікулах у абласны цэнтр народнай творчасці, у музеі Віцебска і Полацка. Бацькі вядуць зносіны паміж сабой у чаце ў вайберы, у групе «УКантакце». І нават хто ніколі ў дзяцінстве не наведваў танцавальны гурток, заўсёды падтрымлівае сваіх сыноў і дачок, бо перакананы: танцы і музыка вучаць разумець і ствараць прыгожае, развіваюць мысленне і фантазію, уменне пераадольваць цяжкасці і загартоўваюць волю.
– Разам з летнімі рэпетыцыямі вы ўжо будуеце планы на новы навучальны год? – пытаюся ў Святланы Юр’еўны.
– Вядома. Але не адна, а разам з дзецьмі: кожная група атрымала заданне прадумаць, якія танцы будзем увасабляць у жыццё. Ну, а я прадумваю практыкаванні і рухі, падбіраю эцюды для таго, каб дзеці на сцэне трымаліся ўпэўнена, каб не саромеліся адкрыта працаваць на публіку. Тады зможам дабіцца большых поспехаў. Самыя значныя нашы перамогі яшчэ наперадзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №62 ад 11.08.2020 г.