
Падмурак для будучыні
Сёння Обальскі керамічны завод цвёрда стаіць на нагах, вытворчыя магутнасці працуюць на поўную, обальская цэгла запатрабавана як у айчыннага, так і замежнага пакупніка. З пачатку года абальчане выпусцілі 15 мільёнаў штук цэглы, экспарт (асноўныя пакупнікі – у Расіі) у параў-нанні з мінулым годам вырас амаль у два разы, экспартная выручка склала больш за 766 тысяч долараў. Чысты прыбытак за пяць месяцаў склаў 272 тысячы рублёў.
Гэта зараз склалася станоўчая дынаміка, а на пачатку мінулага года сітуацыя была крытычная. «Завод пасля мадэрнізацыі працаваў стабільна, прадукцыя прадавалася, разлічваліся за спажытую энергію і па абавязковых плацяжах. Але даўгі за паліўна-энергетычныя рэсурсы, якія назапашваліся дзесяцігоддзямі, сталі непад’ёмнымі для прадпрыемства, – расказвае намеснік дырэктара па эканоміцы Обальскага керамічнага завода Анастасія Мулькова. – Мясцовыя ўлады выступілі з хадайніцтвам да Прэзідэнта аб фінансавым аздараўленні Обальскага керамічнага завода. У выніку была прадстаўлена адтэрміноўка аплаты на 9 год». Такім чынам, заводу была дадзена магчымасць працаваць і развівацца.
«За гэты час мы павінны стварыць надзейны падмурак для завода, – падсумоўвае дырэктар ОКЗ Павел Манак. – Грошы, якія зарабляем, цяпер стала магчыма пускаць на развіццё прадпрыемства, рэканструкцыю вытворчасці. Мы можам думаць не толькі пра сённяшні, а і пра заўтрашні дзень нашага завода».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.