Галоўны ўрач раіць: «Не хадзіце на могілкі на Радуніцу!»
Напярэдадні трохдзённых выхадных і Радуніцы, майскіх святаў мы сустрэліся з галоўным урачом Шумілінскай ЦРБ Вольгай Скарабагатай, каб высветліць сітуацыю з каронавіруснай інфекцыяй ў раёне, пачуць парады медыкаў адносна паводзін на выхадныя дні.
фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар
– Хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна: не хадзіце на могілкі на Радуніцу! – пачала размову Вольга Яўгенаўна. – Тры выхадныя дазваляюць наведаць магілы сваякоў у любы з гэтых дзён, у любы іншы дзень, а не збірацца разам на Радуніцу. Паберажыце сваіх пажылых сваякоў, бо менавіта гэта катэгорыя, а таксама людзі з хранічнымі захворваннямі, дыябетам, найбольш неабароненыя перад каронавірусам.
У вялікіх групах людзей заўсёды павышаецца рызыка распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі. Хвароба мае інкубацыйны перыяд і праяўляецца праз 5-10 дзён. Частка людзей пераносіць інфекцыю без сімптомаў, у іншых можа быць інкубацыйны перыяд, калі сімптомы яшчэ не праявіліся, але у абодвух выпадках носьбіты інфекцыі могуць заразіць тых, хто знаходзіцца побач. Памятайце, што зараз інфекцыя знаходзіцца на піку. Як сцвярджаюць спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, гэты перыяд працягнецца яшчэ некалькі тыдняў.
Медыкі чакалі ўсплёскі інфекцыі пасля рэлігійных святаў. Так, у пачатку гэтага тыдня ў некаторых раёнах рэспублікі зафіксаваны рост інфекцыі пасля каталіцкага Вялікадня, у канцы гэтага тыдня-пачатку наступнага чакаем наступстваў праваслаўнага Вялікадня…
– А як складваецца сітуацыя з COVID-19 у раёне?
– Сітуацыя ў цэлым стабілізавалася. Менавіта таму прашу: застаньцеся на святы дома!
Зараз у бальніцы знаходзіцца 48 пацыентаў, 31 з якіх маюць дыягназ COVID-19. Яны пераносяць хваробу ў лёгкай і сярэдняй форме. Астатнія – гэта пацыенты з пнеўманіямі іншага паходжання, вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Некалькі пацыентаў са станоўчым вынікам тэста на каронавірус, у якіх хвароба працякае без сімптомаў, знаходзяцца на самаізаляцыі дома. Яны атрымалі памяткі пра паводзіны на самаізаляцыі, ведаюць пра тое, што з’яўляюцца носьбітамі інфекцыі і абавязаны строга выконваць рэжым самаізаляцыі. За іх станам вядзецца медыцынскае назіранне і кантроль з боку праваахоўных органаў.
– На першым этапе эпідэміі былі складанасці са спецадзеннем. Як складваецца сітуацыя зараз?
– Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў нас і працягвае дапамагаць. Гэтая падтрымка была вельмі неабходная і дапамагла стабілізаваць сітуацыю. Зараз нам паступае дастаткова спецадзення, масак, абсталявання, лекавых прэпаратаў па лініі абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Моцную падтрымку аказваюць буйныя аптэчныя сеткі, прадпрыемствы, якія выпускаюць медыцынскую прадукцыю. Тройчы на тыдзень наша машына прывозіць з Віцебска ўсё неабходнае для работы медыцынскага персаналу бальніцы і лячэння пацыентаў.
– Што б вы яшчэ параілі жыхарам раёна ва ўмовах эпідэміі каронавірусу?
– Калі сітуацыя зацягваецца, многія пачынаюць расслабляцца, не так строга прытрымлівацца бяспечных правілаў паводзін. А гэта вядзе толькі да аднаго – новай успышкі інфекцыі. Таму яшчэ раз нагадаю, што ва ўмовах эпідэміі неабходна строга вытрымліваць сацыяльнае дыстанцаванне. Пазбягайце масавых мерапрыемстваў і, па магчымасці, месцаў з масавых знаходжаннем людзей, захоўвайце адлегласць у 1,5-2 метры адзін ад аднаго, абавязкова выкарыстоўвайце маскі ў такіх месцах, не кранайце твар рукамі, апрацоўвайце рукі і паверхні дэзсродкамі, вельмі добра мыйце рукі з мылам пасля вяртання дамоў, захоўвайце рэспіраторны рэжым (кашляйце і чхайце ў аднаразовыя сурвэткі, якія адразу выкідвайце). Пры з’яўленні сімптомаў прастуды і рэспіраторных захворванняў (насмарк, боль у горле, тэмпература, боль у мышцах і іншых) трэба ізалявацца ад навакольных і выклікаць урача на дом.
Беражыце сябе і сваіх родных!
Размаўляў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №32 ад 24.04.2020 г.