В Шумилино прошёл парад Дедов Морозов, и включили главную ёлку

Главное Культура Общество

Ёлачка, свяці!
20 снежня традыцыйнае шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак завяршылася запальваннем галоўнай гарадской ёлкі ў Шуміліне.

Парад Дзедаў Марозаў, Снягурак і казачных персанажаў праходзіць у Шуміліне з 2012 года. Гэта традыцыйная падзея заўжды прыцягвае ўвагу жыхароў раёна, як дзяцей, так і дарослых. Самыя маленькія з нецярпеннем чакаюць, калі змогуць расказаць гаспадару Навагодніх святаў верш і атрымаць асабліва чаканую «дзедмарозаву» цукерку. Дарослыя спадзяюцца, што, можа, пасля сходу такой колькасці Марозаў нарэшце прыйдзе і сапраўдны марозік са снегам. А работнікі культуры раёна кожны год «ламаюць» галаву, чым бы яшчэ здзівіць землякоў.
Не абышлося шэсце без вялікай колькасці самых розных мышэй, снегавікоў, чараўнікоў, прынцэс, мушкецёраў і іншых казачных персанажаў. З улікам надвор’я Снягуркі не забыліся прыхапіць з сабой парасоны. Галоўнага Дзеда Мароза з унучкай прывезла ў Шуміліна вялікая мыш (трактар МТЗ з прычэпам быў аформлены пад гаспадыню 2020 года – мыш ці пацука). На спіне гэтай сімпатычнай «мышкі» яны і даехалі да сцэны ў парку, дзе пачалася казачная дзея. Дзед Мароз разам са Снягуркай, сваім калегамі і гледачамі запалілі ёлку, вадзілі карагоды, забаўлялі самых юных удзельнікаў свята. Вакол ёлкі гандлявалі навагоднімі сувенірамі ды попкорнам. А на сцэне разгарнуўся конкурс «Крэатыўная ёлка-2020».
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №100 ад 24.12.2019 г.