Лепшы хлеб пякуць у Шуміліне
Народны клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка» Шумілінскага раённага дома рамёстваў даказаў, што самы лепшы хлеб пякуць у Шуміліне. Майстры «Разынкі» сталі пераможцамі на абласным свяце нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі», якое прайшло ў Верхнядзвінску.
На здымку: Вольга Загвоздава, Анжэла Сяргеева і Кацярына Барабанава.
Наш дом рамёстваў прадстаўляў рэгіянальную кухню Шуміліншчыны. Тэмай прэзентацыі стаў традыцыйны хлеб. Наведвальнікам, рэспубліканскаму і абласному журы было прапанавана 11 (!) відаў хлеба.
Вы толькі паглядзіце, якое тут было багацце: хлеб аржаны з кменам на капусных лістах; хлеб аржаны бездражджавы (закваска рыхтавалася на адвары хмелю з дабаўленнем варанай бульбы); хлеб аржаны вотруб’евы; хлеб аржаны з вяленымі журавінамі і мёдам; хлеб аржаны суцэльназерневы; хлеб аржаны з семкамі сланечніку і льну; хлеб аржаны з часнаком; хлеб аржаны з сухафруктамі (курагой, фінікамі і грэцкім арэхам); хлеб пшанічны; праснакі пшанічныя з семкамі і вострымі травамі; сачні (аржаныя праснакі з бульбяным пюрэ).
Нельга не адзначыць галоўнага майстра народнага клуба “Разынка” па выпечцы хлеба Вольгу Загвоздаву, яе імкненне не толькі захаваць традыцыйныя хлебныя рэцэпты шумілінцаў, але і папулярызаваць іх, рабіць усё, каб людзі і сёння хацелі бачыць на сваім стале традыцыйны шумілінскі хлеб.
Відовішчнасці выставе-прэзентацыі дабавіла тэатралізаванае прадстаўленне «Хлеб – ўсяму галава» ў выкананні Анжэлы Сяргеевай, Кацярыны Барабанавай і Вольгі Загвоздавай.
Журы аднагалосна прысудзіла дыплом 1-й ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя нацыянальных страў» народнаму клубу аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка» Шумілінскага раённага дома рамёстваў.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіва Шумілінскага раённага дома рамёстваў.
Апублікавана ў №98 ад 17.12.2019 г.