Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Рухавік
У РАУС звярнуўся начальнік вытворчага ўчастка КУСГП «Мішневічы» і расказаў, што нехта пранік на тэрыторыю піларамы і ўкраў электрарухавік. Па гарачых слядах міліцыянеры раскрылі крадзеж. Злодзеямі аказаліся двое мясцовых жыхароў і навучэнец віцебскага каледжа. Узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае злодзеям, – пазбаўленне волі да 4-х гадоў.
Каўпакі
Пацярпеў жыхар райцэнтра: з колаў яго «Фальксвагена», што стаяў ля дома, знялі чатыры дэкаратыўныя каўпакі. Урон ацэнены ў 211 рублёў. Злодзеі вышукваюцца, ім пагражае пазбаўленне волі да трох гадоў.
Міна
У аператыўна-дзяжурную часць РАУС патэлефанаваў вадзіцель ДРБУ-204 і паведаміў, што падчас падсыпкі дарогі за Обаллю (паварот на Лявонава) была знойдзена мінамётная міна. Тэрмінова была выклікана група размініравання. Міна абясшкоджана і знішчана.
Са зводак ДАІ
Нецвярозы
Ля вёскі Мазурына адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Яго віноўнікам стаў жыхар Мікіціхі, які ехаў на аўтамабілі «Опель-Аскона» ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым не меў правоў кіравання, страхоўкі і тэхагляду на аўтамабіль. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Сам не пацярпеў, а вось аўтамабілю патрабуецца рамонт. Мужчыну пагражае штраф да 100 БВ і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Заднім ходам
Жыхар райцэнтра, які ехаў на асабістым «Нісане», пры руху заднім ходам не размінуўся з аўтамабілем «Рэно-Меган», што стаяў на абочыне. У выніку ДТЗ абодва аўтамабілі пашкоджаны. На віноўніка складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф да 3 БВ.
Без правоў
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на вуліцы Сіпко ў Шуміліне жыхара Магілёўскай вобласці, які ехаў на «Фордзе», не маючы правоў кіравання. Пратакол накіраваны па месцы жыхарства парушальніка, яму пагражае штраф да 15 БВ.
Няўважлівасць
Жыхар в. Прыазёрная пры запраўцы свайго аўтамабіля на АЗС №6 у Шуміліне праявіў няўважлівасць: не вынуў палівараздатачны шланг з гарлавіны і пачаў рух. У выніку шланг быў сарваны. Акрамя гэтага высветлілася, што парушальнік не меў тэхагляду на аўто. Пагражае штраф да 3 БВ.
Зімовыя шыны
З 1 па 12 снежня супрацоўнікі ДАІ выявілі 6 вадзіцеляў, якія не памянялі колы на сваіх аўто на зімовыя, за што атрымалі штрафы па 0,5 БВ.
Падрыхтавала
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №98 ад 17.12.2019 г.