В Шумилино прошла районная спартакиада среди работников сельскохозяйственных предприятий

Актуалии Новости Спорт, туризм

Захавалі лідарскія пазіцыі
У суботу, 7 снежня, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры ў Шуміліне прайшла раённая спартакіяда сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. За перамогу змагаліся 9 каманд. 

Каманда СФГ «Раднік – пераможца спартакіяды.

Спартсмены ўдзельнічалі ў сямі відах спорту – спаборніцтвах па шашках, мікрафутзале, стральбе з пнеўматычнай зброі, дартсе, эстафетным бегу, армрэслінгу і перацягванні каната.

Спартакіяда работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў стала традыцыйнай і карыстаецца папулярнасцю сярод вяскоўцаў, адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ягор Чарняўскі ў вітальным слове. Пажадала спартыўных поспехаў удзельнікам спаборніцтваў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.
Ухвальных слоў заслужыла большасць каманд, якія добра падрыхтаваліся да спартакіяды: гэта тычылася як фізічнай падрыхтоўкі, так і знешняга выгляду (кожная каманда выступала ў сваёй, адметнай форме).
– Летась мы трапілі ў прызавую тройку, – расказаў перад стартамі кіраўнік КУСГП «Сіроцінскі» Мікалай Прыгодзіч (дарэчы, кіраўнік не толькі сам браў удзел у многіх стартах, але і быў сапраўдным лідарам на пляцоўцы). – І да сёлетняй спартакіяды, думаю, падышлі ў «баявой» форме. Хочацца, каб скарбонку спартыўных дасягненняў «Сіроцінскага» дапоўніў яшчэ адзін кубак.
На спартыўных пляцоўках адразу выявіўся лідар – каманда СФГ «Раднік». Менавіта гэта каманда выйграла спартакіяду ў мінулым годзе і сёлета прыехала толькі за перамогай. Спартсменам з Мішкавіч ёсць чым ганарыцца: перамаглі ў мікрафутзале, дартсе (сярод жанчын) і перацягванні каната, сталі другімі ў спаборніцтвах па шашках (мужчыны), эстафетным бегу і армрэслінгу.
Добрую канкурэнцыю камандзе з «Радніка» склалі спартсмены з «Лаўжанскага», «Сіроцінскага», «Прыазёрнага міру», «Шумілінскага райаграсэрвісу», «Упраўлення сельскай гаспадаркі» і «АграБаравінкі». Гэтыя калектывы выступілі роўна ва ўсіх відах спартакіяды.
Па агульным выніку спартакіяды сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый раёна перамагла каманда СФГ “Раднік”, другое месца ў СУП «Лаўжанскае», трэцяе – у КУСГП “Сіроцінскі”. Пераможцам і прызёрам былі ўручаны кубкі і медалі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2019 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *