Мама, тата і трое дзетак
“А што трэба жанчыне для шчасця? — пытае Святлана Струкава з Мікіціхі і сама ж адказвае: — Любячы муж і добрыя дзеці. Гэта сапраўднае шчасце, калі ў цябе нармальная сям’я”.
У Святланы другі шлюб. З Сяргеем яны сышліся шэсць гадоў таму. У яе на руках было двое дзетак. Неўзабаве ў сям’і нарадзілася і трэцяе дзіця. “У сям’і павінна быць трое дзетак”, — упэўнены муж і жонка. Сяргей таксама лічыць сябе шчаслівым, бо ў яго сёння двое сыноў і дачка.
Цёплыя, шчырыя адносіны жывуць у сям’і Струкавых. “У мяне дачушка добрая памочніца, — кажа Святлана, — Вядома ж, мне (а Святлана працуе даяркай – рэд.) зранку ўжо на працы, і ўвечары позна там жа. Вось дачушка і выручае”. Сыны – адзінаццацігадовы Саша і чатырохгадовы Віця — да таты больш гарнуцца, ён працуе вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы.
Тры гады таму сям’і Струкавых гаспадарка выдзеліла новы дом. Для вялікай сям’і гэта стала радаснай па-дзеяй. У новым доме яны працягваюць мацаваць сваё сямейнае шчасце.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2011 г.