У Віцебску побач з плошчай Перамогі 4 лістапада ўрачыста адкрылася дзясятая ў абласным цэнтры і 88-я ў краіне кнігарня сеткі ААТ «Белкніга».
Удзельнікамі гэтай адметнай падзеі ў культурным жыцці Віцебска разам з аматарамі чытання і літаратарамі сталіся прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, абласнога, гарадскога і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна кіраўніцтва, Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, ААТ «Белкніга», масавых выдавецтваў краіны, гандлю.


Падзякаваўшы ўсім, хто рэалізаваў і падтрымаў гэты выдатны асветніцкі праект, агульную думку прысутных выказалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, іншыя афіцыйныя асобы.
243,5 кв. м гандлёвай плошчы кнігарні ўмоўна падзелены на некалькі частак. У гандлёвай зале наведвальнікам прапануецца шырокі выбар кніжнай прадукцыі ў розных фарматах, на беларускай і рускай мовах – ад твораў антычнай эпохі да сучасных у жанры фантастыкі і рознамоўных слоўнікаў, адмысловых сувеніраў з нацыянальнай, у тым ліку віцебскай, сімволікай, канцылярскіх і папярова-белавых тавараў. З дапамогай сэнсарнай панэлі пакупнікі могуць даведацца пра наяўнасць патрэбнага выдання не толькі ў гэтай краме, але і ва ўсёй гандлёвай сетцы ААТ «Белкніга». Электронным чынам анансуюцца навінкі дзяржаўных выдавецтваў, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з іх аўтарамі, буктрэйлеры і шмат што яшчэ, запатрабаванага аматарамі прыгожага пісьменства. Абсталяваныя зоны – дзіцячая, прэзентацыйная і нават для сэлфі, а яшчэ кавярня. Ёсць магчымасць сустрэцца з вядомымі беларускімі літаратарамі, пачытаць за кубачкам кавы. Дарэчы, падчас гэтага мерапрыемства некалькім юным пакупнікам набытыя кнігі падпісала іх аўтар, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, паэтка Тамара Краснова-Гусачэнка. Першым удзельнікаў урачыстасці пазнаёміў са сваёй новай кнігай «Казимир Малевич. Жизнь, творчество, судьба (в отблесках «Черного квадрата» и «Супремии») член СПБ, мастацтвазнаўца Аркадзь Русецкі.
Сёння у гонар адкрыцця «Кніжнай зоркі» тут на ўвесь асартымент дзейнічаюць 10-працэнтныя зніжкі.
«Витебские вести».