Турнір для будучых чэмпіёнаў
26-27 кастрычніка ў Обальскай СШ прайшоў традыцыйны адкрыты раённы турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы».
Турнір у Обалі мае больш чым трыццацігадовую гісторыю, для многіх барцоў-класікаў гэтыя спаборніцтвы сталі пачаткам спартыўнай кар’еры, і кожныя новыя старты ў Обалі – пачатак новай гісторыі для юных зорак грэка-рымскай барацьбы.

На ўрачыстам адкрыцці спаборніцтваў прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, трэнеры, суддзі, шматлікія госці і балельшчыкі. Парад удзельнікаў аб’яднаў амаль 150 спартсменаў з Обалі і Шуміліна, Віцебска і Глыбокага, Сянно і Талачына, Гарадка і Радашковічаў, Маладзечна і Чысцяў.

Самая шматлікая каманда на турніры – обальская. Трэнер Пётр Ганушчанка заявіў на спаборніцтвы як вопытных барцоў, так і навічкоў. «Важна, каб юны спартсмен адчуў атмасферу спаборніцтваў, – адзначыў Пётр Васільевіч. – Выступаць у родных сценах заўсёды складана, ты бачыш знаёмых, бацькоў і важна «не перагарэць». Так выхоўваецца спартыўны характар пераможцаў». Добра выступілі на спаборніцтвах Цімафей Карасёў, Анатоль Анцупаў, Марк Чарнічэнка, Ілья Канстанцінаў, Арсеній Лосеў, Вячаслаў Цітоў, Яўген Ліпчанка, Уладзіслаў Аверчанка, Макар Лымароў, Глеб Гарлачоў, Глеб Кошкін, Мікіта Міхайлаў.
Не згубіліся на турніры і шумілінскія барцы, якіх трэніруе Юрый Сцяпанаў. «Перад кожным ставіў задачу паказаць тое, чаму вучыліся на трэніроўках, – расказвае Юрый Генадзьевіч. – На жаль, атрымалася не ва ўсіх. Затое ёсць канкрэтная база, на чым будзем працаваць на трэніроўках». На п’едэстал узняліся Данііл Булах, Дзяніс Сініцкі, Арцемій Абраменка, Раман Хадуноў.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №85 ад 29.10.2019 г.