Кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання вылучаны Анатоль Шчасны

Актуалии

Кандыдат  у  Савет  Рэспублікі

30 верасня на сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта  кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання вылучаны Анатоль Шчасны.
Старшыня Шумілінскага райвыканкама Віктар Гутараў, адкрываючы сумеснае пасяджэнне прэзідыума райсавета і райвыканкама, сказаў, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 293  ад 5 жніўня 2019 года на 7 лістапада прызначаны выбары ў Савет Рэспублікі. Права на вылучэнне кандыдатаў у Савет Рэспублікі маюць прэзідыумы Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведныя выканкамы, таму на парадак дня сумеснага пасяджэння і выносіцца пытанне аб вылучэнні кандыдата ў члены Савета Рэспублікі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава паведаміла, што Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі з’яўляецца органам тэрытарыяльнага прадстаўніцтва і фарміруецца па змешаным прынцыпе. Кожная вобласць і Мінск выбіраюць у Савет Рэспублікі па восем сваіх прадстаўнікоў, яшчэ восем прызначае Прэзідэнт краіны. Выбары членаў Савета Рэспублікі адбываюцца тайным галасаваннем на сумесным пасяджэнні Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню, а ў Мінску – на пасяджэнні гарадскога Савета дэпутатаў.
Ірына Мікалаеўна прапанавала вылучыць кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Беларусь сёмага склікання рэктара Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Шчаснага Анатоля Тадэвушавіча. Яна адзначыла, што Анатоль Тадэвушавіч пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага інстытута працаваў ва ўстановах аховы здароўя Віцебскай вобласці, а з 1988 года – на розных пасадах ў Віцебскім медыцынскім універсітэце, з’яўляецца доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, адначасова застаецца практыкуючым хірургам. А. Т. Шчасны мае вялікі вопыт адміністрацыйнай, навуковай, выкладчыцкай работы,  ёсць вопыт работы ў парламенце, з’яўляецца членам Савета Рэспублікі шостага склікання.
Удзельнікі пасяджэння аднагалосна прагаласавалі за вылучэнне Анатоля Шчаснага кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу  Беларусі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2019 г.